На Агінскага на пешаходным пераходзе збілі дзяўчыну
Як паведамляюць сведкi ДТЗ, пацярпелай аказалі медыцынскую дапамогу i яе жыццю нічога не пагражае.
Старшы інспектар ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама Алег Дук паведаміў, што пацярпелую з пераломам носа даставілі ў бальніцу. Ён дадаў, што прычыны наезду высвятляюцца.
Па словах сведак, наезд мог адбыцца як з-за дрэннага надвор’я, так і з-за няўважлівасці пешахода і кiроўцы.
“Перада мной сусед стаяў, у яго на вачах усё адбылося. Я толькі бачыў, як Renault слізгаў на тармажэнні ад пешаходнага пераходу. Калі я выйшаў, то дзяўчына ўжо ляжала і не рухалася. У момант наезду ішоў вялікі дождж, святлафор яшчэ не працаваў”, – сказаў адзін са сведкаў ДТЗ Дзмітрый.
У сувязі з пагаршэннем умоў надвор’я Дзяржаўтаінспекцыя просіць вадзіцеляў і пешаходаў быць вельмі ўважлівымі на дарозе.
Фота ілюстрацыйнае