Касмічны інструмент. Гарадзенцы пазнаёміліся з хэндпанам

|

– Хэндпан – інструмент-містыка, узвышанасць, нерэальнасць, адрыў ад усяго свету, – кажа Аляксандр. – Для Гродна гэта інструмент-дзівоцтва, а мне хацелася даць гараджанам нешта новенькае, цікавае.

 

Ён лічыць, што інструмент мае медытатыўныя і лекавыя свойствы. Яго ўрач пацвяджае, што за два месяцы гры на хэндпане ў Аляксандра палепшылася дробная маторыка.

 

Інструмент вынайшлі ў Швейцарыі ў 2000 годзе на аснове вывучэння разнастайных перкусійных інструментаў.  Ён складаецца з дзвюх выгнутых пласцін з магчымасцю настройкі пад пэўны музычны строй. У свеце ён асацыюецца з лятаючай талеркай і касмічным гукам.

 

 

Вытворчасць інструмента не масавая, а практычна індывідуальная. Аляксандр мае інструмет маскоўскага вытворцы “Overtone”. Новыя інструменты, сярэдняй цэнавай катэгорыі, абыдуцца ў 2000 даляраў і вышэй.

 

– Кошт інструмента – адна з прычын яго экзатычнасці ў нас. У свеце прыкладна 70-80 вытворцаў і думаю, у бліжэйшы час не будзе перадумоў для адчувальнага зніжэння цаны, – кажа Аляксандр.

 

Кошт залежыць ад вытворцы, колькасці нот (ад 7 да 10), матэрыялу, ступені абароны ад карозіі і іншага. Хэндпан трэба настройваць ў сярэднім раз на пару гадоў. Для гэтага трэба ехаць да вытворцы.

 

У Беларусі вытворца хэндпанаў і школа хангу ёсць у Мінску. У сталіцы таксама праводзяцца музычна-турыстычныя мерапрыемствы. Напрыклад, сплавы на байдарцы пад музыку хэндпана. У Гродне ён сустракаецца вельмi рэдка, таму Аляксандр плануе зарабляць на інструменце.

 

 

– Спосабы заробку з хэндпанам ва ўсім свеце розныя. Можна граць на вуліцах, у чайных, у ёга-клубах, на вечарынках, рабіць свае праекты. Я гляджу на Расію: у Маскве і Піцеры магчымасці вулічнай і клубнай музыкі непараўнальныя з Гродна. Музыка і выкладчык маскоўскай школы хэндпана Аляксей Шапавалаў (Kseno), у якога я набываў свой апарат, казаў, што граючы на вуліцы ў Піцеры можна за пару месяцаў адбіць кошт інструмента. У нас гэта нерэальна, як мне здаецца.

 

Навучыцца граць на хангу можна за два-тры месяцы. Аляксандр лічыць, што ў ігры на ім галоўнае не музычная адукацыя, а пачуццё музыкі.

 

 

Хэндпан набірае папулярнасць ва ўсім свеце. Адмыслова для інструмента ствараюцца музычныя творы. У пазамінулым годзе Дзідюля выкарыстоўваў ханг для нумару на адборачны тур “Еўрабачання”. Шмат музыкантаў працуе з хангам, дапаўняючы яго гучанне флейтай, арфай, бубнамі. Аляксандр таксама хоча знайсці сабе напарніцу з флейтай.

 

Знаёмства прайшло падчас пуэрных чаяпіццяў у цэнтры адпачынку і развіцця “Портал”. Яны праходзяць па суботах пад розную музыку. Сачыце за абвесткамі на старонцы антыкафэ Укантакце.