Рэквіем па “Гарачым Хлебе”. Як 10 гадоў таму ў Гродне знеслі сапраўдны помнік

|

Залатую Горку – каля дзясятка драўляных дамоў – знеслі ў жніўні-верасні 2006 года, а вось за “Гарачы Хлеб” гісторыкі вырашылі пазмагацца. Яны падалі заяўку на ўнясенне будынка ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Каштоўнасць будынка была настолькі відавочная, што ў Міністэрстве культуры знос “Гарачага Хлеба” прыпынілі.

 

 

Па рэспубліканскім тэлебачанні нават паказалі рэпартаж аб спробах захавання дома, які складаўся з цалкам аптымістычных “прадбачанняў” чыноўнікаў ды журналістаў.

 

 

Паралельна гродзенцы і мінчане збіралі подпісы за тое, каб захаваць будынак. На момант зносу такіх подпісаў было каля 600.

 

 

Аднак вечарам 5 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства культуры па просьбе гродзенскіх абласных уладаў заднім чыслом адкінула прапанову па ўключэнні дома ў спіс каштоўнасцей. Ранкам 6 кастрычніка цяжкая будаўнічая тэхніка цалкам зруйнавала будынак.

 

 

Гродзенцы яшчэ і ранкам падпісвалі просьбу, якая была прыклеена да вітрын старога дома. У працэсе руйнавання яе сарвалі ды кінулі на зямлю. На месцы зруйнавана дома так нічога і не збудавалі. Нават праз дзесяць гадоў участак зямлі прапануюць набыць неіснуючым гродзенскім інвестарам.

 

Новы Свет – горад, які мы страцілі за некалькі гадоў

 

Дарэчы, месца на скрыжванні Горкага і 17 верасня стала адным з самых аварыйных скрыжаванняў Гродна. Кожны год там здараюцца цяжкія аварыі. Самай кур’ёзнай было падзенне танка з цягача. Толькі цудам ніхто не пацярпеў.