Мае дні ў Патсдаме

| Без катэгорыі

 

Гэта адна з тых краін Еўропы, якая можа ганарыцца гістарычнай спадчынай у выглядзе прыгожых старажытных замкаў, велічных храмаў, цэркваў і сабораў; у выглядзе шырокіх раскошных паркоў з фантанамі, ландшафтнымі і скульптурнымі вынаходствамі. Таму замест пляжнага адпачынку на беразе цёплага мора я з захапленнем абрала падарожжа па Нямеччыне.

 

Патсдам – адна з мэт маёй вандроўкі – невялікі, але вельмі прыгожы горад недпаалёк ад Берліну. Дабрацца да яго можна прыгарадным цягніком на працягу паўгадзіны ад цэнтральнага вакзалу Наўбанхоф.

 

Патсдам прыкладна быў заснаваны ў X стагоддзі на месцы вёскі Славік і атрымаў назоў “Позтупімі”. Да пачатку 15 стагоддзя ён заставаўся маленькім гандлёвым горадам з насельніцтвам каля 2000 жыхароў, а падчас 13-летняй вайны быў знішчаны напалову.

 

Але лёс Патсдаму драматычна змяніўся, калі ў 1660 ён быў абраны паляўнічай рэзідэнцыяй Фрыдрыха Вільгельма I, прынца Брандэнбурга. Патсдам заставаўся цэнтрам Прусіі і рэзідэнцыяй Вялікіх князёў раўналежна з Берлінам да 1918 году, калі была скончаная Першая сусветная вайна і Вільгельм II быў зрынуты з пасады.

 

 

alt=”Стары будынак гарадской ратушы Патсдама” >

Стары будынак гарадской ратушы Патсдаму

 

Кажуць, Сталіну вельмі падабалася гэтае нямецкае мястэчка, таму ў часе наступу Савецкага войска падчас Вялікай Айчыннай вайны быў аддадзены строгі загад не бамбаваць Патсдам і не заязджаць туды на танках. Дзякуючы гэтай шчаслівай выпадковасці сёння мы можам атрымліваць асалоду ад прыгажосці архітэктуры Патсдаму.

 

Улічваючы кароткатэрміновасць майго адпачынку, “агляду” Патсдаму быў адведзены адзін дзень. Але пасля “аднаго” дня, на наступны, а потым і на трэці дзень я вярнулася сюды за ўражаннямі і новымі адкрыццямі. І горад не расчараваў мяне. Я абыйшла яго пешшу практычна ўвесь з поўначы на поўдзень, зазірнуўшы ў самыя зацішныя куткі, зрабіўшы больш за 300 фатаздымкаў, я магла бы з чыстым сэрцам выпіць з ім на “брудэршафт” і назваць яго сваім сябрам. Але ўсё па парадку.

 

 

Дзень першы

 

Як пра тэатр кажуць, што ён пачынаецца з вешалкі, пра горад можна сказаць – пачынаецца з вакзалу. У гэтым стаўленні Патсдаму можна толькі пазайздросціць. Вядома, тутэйшаму чыгуначнаму вакзалу не параўнацца з Берлінскім Хаўбанхофам па памерах і прапускной здольнасці. Але мяне ўразіла багацце “кавяраняк”, рэстаранчыкаў і закусачных, дзе стомлены вандроўца можа пасядзець, адпачыць, выпіць кубачак капучына (эх, не ўстрымалася, гэта мой улюбёны напой), перакусіць. А па колькасці сувенірных крам цалкам мог бы пацягацца з Менскім “Люстэркам”.

 

Гутарка з гідам (інфармацыю аб тым, “куды схадзіць” і “што ўбачыць” можна атрымаць на вакзале ў турбюро) пераканала мяне ў маёй здольнасці падарожнічаць па горадзе пешшу. Узброіўшыся картай за 1 эўра і цвёрдай рашучасцю пабываць “усюды” і ўбачыць “усё”, я рушыла ў бок “гістарычнага цэнтру” (так ён зваўся на карце).

 

Купалы царквы Святога Мікалая былі мне арыенцірам на шляху да Брадэнбургскіх варот Патсдаму (колькі ж іх у Нямеччыне?), ад якіх брала свой пачатак вуліца з арыгінальным назовам – Брадэнбургская, брукаваная пешаходная вулачка, у любы час году перапоўненая турыстамі.

Царква Святога Мікалая (1830-1837 гг.). Побач – “Брама Фартуны”

 

 

Царква Святога Мікалая (1830-1837 гг.) – адзін з самых вялікіх хрысціянскіх храмаў у горадзе, размешчаны на старым Рынкавым пляцы. На момант майго знаходжання ў горадзе будынак быў на рэстаўрацыі, але кожны жадаючы мог патрапіць усярэдзіну. Грандыёзная будоўля побач з царквой Святога Мікалая – ўзнаўленне старадаўняга будынку Дзяржаўнага парламенту, ад якога на сённяшні дзень застаўся толькі ўваход – “Брама Фартуны”.

 

Хадой разявакі-турыста я пераадолела кіламетровы маршрут ад Царквы да Брадэнбургскіх варот з рэкордным часам у 2 гадзіны, спыняючыся побач з кожным хоць трохі характэрным будынкам (а, іх, паверце мне – вялікае мноства ў Патсдаме) і здымаючы яго ў 10 ракурсах. Палюбавалася шпілем і выдатнай назіральнай вежай Вялікага вайсковага прытулку (1722-24), зайшла ў дворык, дзе прытуліўся “Дом гісторыі Прусіі і зямлі Брандэнбург”, абыйшла вакол музею Кіно (не патрапіла ўсярэдзіну, пра што зараз шкадую).

 

Музей кіно (Filmmuseum Potsdam)

У сценах патсдамскага Музею кіно (Filmmuseum) прадстаўленыя, як скарбы стогадовай гісторыі кінастудыі ў Бабельсбергу, так і экспанаты, якія распавядаюць пра апошнія праекты.

Вялікі вайсковы прытулак

 

Знайшла шэдэўр часоў ГДР! Сапраўды, вельмі знаёмы групавы малюнак, прасякнуты аптымізмам і верай у светлую будучыню?

 

 

 

Ну вось і Луізенплатц (“платц” – па-нямецку пляц) і побач – знакамітая брама. Не магла адмовіць сабе ў задавальненні прайсці праз іх на ажыўленую Брандэнбург-штрассе. І тут мяне здрадліва, з-за кута і без папярэджання, нагнаў голад. Уздоўж усёй вуліцы – рэстаранчыкі і кафэ ўсіх калібраў, катэгорый і напрамкаў. Са ўсіх бакоў несліся спакушальныя пахі. Надвор’е было цудоўнае, і людзі размясціліся за столікамі непасрэдна на вуліцы, атрымліваючы асалоду ад ежы і цеплыні.

 

Брадэнбургскія вароты

У цяперашнем выглядзе яны паўсталі ў 1770 годзе. Праекты былі падрыхтаваныя па ўзоры рымскай Трыўмфальнай аркі Гонтардам (з боку горада) і Унгерам (з боку плошчы).

 Брандэнбург-штрассе

Дамы ў квартале – раней выключна двухпавярховыя – былі пабудаваныя паміж 1733 і 1739 гг. і мадэрнізаваныя паміж 1976 і 1978 гг.

 

Выключна дзеля майго нямецкага сябра, я замовіла сабе знакамітыя “каррывурст”, вострыя, запраўленыя кары, смажаныя сасіскі. У Берліне існуе нават музей “каррывурст”, дзе можна пачуць шматвяковую гісторыю гэтай традыцыйнай нямецкай вулічнай стравы, якая ў наш час страціла сваю папулярнасць у канкурэнцыі з турэцкім “кебабам”.

 

Мой “каррывурст” у асяроддзі гародніны быў мне выдатным сытным абедам (галасую за “каррывурст”). І далей я зноў затрымалася. Затрымалася на гэтым кіламетровым кавалачку ўтульнай, зялёнай вуліцы ў стылі Ракако з мноствам буцікоў, крамачак і лавачак. Каюся, не вытрымала грознага выпрабавання “шопінгам”. Дарэчы сказаць, колькасць пакупак не адпавядала выдаткаванаму на гэтае часу, але кожная жанчына вам скажа, што важны тут не вынік, а працэс!

 

Брадэнбургская вуліца

 

У канцы Брадэнбургскай вуліцы ўткнулася ў царкву Святога Пятра і Паўла і з задавальненнем адзначыла, што абавязак перад роднымі, блізкімі і сябрамі выкананы (сябе, каханую, таксама не забылася). Шпацыруючы па вулачцы, я зайшла ў Галандскі квартал з арыгінальнай архітэктурай.

 

Галандскі квартал. Для яго характэрны чырвоны колер цагляных сцен 134 двухпавярховых дамоў. Гэты раён быў пабудаваны паміж 1734 і 1742 гг. галандскімі будаўнікамі пад кіраўніцтвам Ёхана Боўмана. Тут жылі і працавалі галандскія і нямецкія рамеснікі.

 

Мой шлях ляжыць да варот знакамітага Парку Сан-Сусі, перліны Патсдаму. І гэтую экскурсію я ніяк не магу прапусціць, хай нават мне прыйдзецца блукаць з ліхтарыкам у руцэ. Падвоіўшы крок да хуткасці бабулькі-пенсіянеркі, я не ўстрымалася, каб не паглядзець на дзіўна-казачную (я бы нават назвала яе Галівудскай) Наўенскую браму і яшчэ адну, незнаёмую мне, але таксама вельмі прывабную (любяць жа гэтыя немцы ўсялякія брамы!).

 

Наўенская брама

Пабудаваная ў 1755 годзе Ёханам Готфрыдам Бюрынгам

Царква Пятра і Паўла (1867)


Праз Абеліск-партал я ўвайшла на галоўную алею раскошнага парка Сан-Сусі. І толькі цяпер зразумела, што захопленая шпацырам, я цалкам забылася, што ўжо шмат гадзін правяла на нагах без адпачынку. Адчула непераадольнае жаданне прысесці дзе-небудзь на акуратнай лаўцы побач з фантанам. Якім жа глупствам падалася мне зараз мая ўпэўненасць у тым, што за пару гадзін да цемры я змагу абыйсці ўвесь Сан-Сусі.

 

Парк Сан-Сусі.Жамчужына Патсдама. Быў закладзены ў 18 стагоддзі ў часы кіравання Фрыдрыха Вільгельма 4.


Не, сапраўды! Ніхто ж не спявае мне ў вушы, што экскурсійны аўтобус адпраўляецца праз гадзіну, а ў нас яшчэ 3 замкі, 2 музеі, галерэя і чарга ў грамадскі туалет. Гэта – мой адпачынак, і я – гаспадыня свайго часу. Вырашана, я прыеду сюды яшчэ раз. Заўтра!

 

Працяг будзе >>