Напярэдадні «вольных коштаў» працуе восеньскі кірмаш

|

Абвешчаны ў 1979 годзе ў Рыме дзень харчавання, пераследваў мэту прыцягнуць увагу грамадства да барацьбы з голадам і нястачай. Зараз у свеце галадаюць больш за 800 млн. чалавек. Устаноўлена, што голад і недаяданне падрываюць генафонд цэлых кантынентаў. Беларусі не пагражае харчовы крызіс, паколькі, па афіцыйнай версіі, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічваецца і ўнутранае запатрабаванне ў харчаванні забяспечваецца ў поўным аб’ёме.

 

Затое апублікавана нарэшце пастанова Мінэканомікі №141 аб свабодных коштах, хаця падпісалі яе яшчэ ў жніўні і дагэтуль трымалі «ў сакрэце». Пастанова разам з «свабоднымі коштамі», пачнуць дзейнічаць 29 кастрычніка.

 

Асноўная змена чакае пакупнікоў у тым, што крамам дазволяць устанаўліваць гандлёвыя надбаўкі (тое, што накручваецца звыш кошту пастаўшчыка або вытворцы), не абапіраючыся на нейкія дакументы, а зыходзячы з попыту і прапановы. Адмяняецца таксама абмежаванне па надбаўках для кампаній, якія ўвозяць імпартныя тавары і прадукты на продаж (пакуль што яны павінны быць не больш 30%).

 

З другога боку, захаваецца рэгуляванне коштаў і тарыфаў на газ, нафтапрадукты, на паслугі і тавары натуральных манаполій (транспарт, сувязь). І ўводзіцца спіс з 50-ці пазіцый, на якія цэннікі па-ранейшаму застануцца пад кантролем дзяржавы. У гэты спіс ўваходзяць хлеб, малако, смятана, мяса, некаторыя віды каўбас, гародніна і садавіна, селядзец, пяльмені і нават бананы з лімонамі. Карацей, усе прадукты, якія мы ўжываем штодзень.

 

А ў горадзе на Савецкай плошчы ідзе не надта бойкі гандаль садавінай і гароднінай. Верагодна таму, што значная частка насельніцтва свой Дзень харчавання адсвяткавала на сборы прыватнага ўраджаю.

Фота Марыны Качулы