Паданне пра човен, альбо фотаўражанні аб горадзе мануфактур

|

– Не, ну гэта зразумела, а чаму горад так назвалі? – Не супакойваліся беларусы.

 

– Па паданні сярод поля стаяў човен…

 

Адкуль ён там узяўся ды што ён там рабіў, мы так і не зразумелі, бо кепска валодалі размоўнай польскай. Але справа ў іншым – калі б човен стаяў на вадзе, у якой-небудзь рачулцы, дакладна, на гэта б ніхто не звярнуў увагі і ніхто так горад не назваў…

 

Лодзь…

 

Уявіце сабе малюнак: вузенькая, закладзенная брукаванкай вуліца, трох-чатырохпавярховыя шэрыя абшэрпаныя будынкі, і час ад часу па гэтай вулачцы праязжае трамвай… Ну як?! Мы адчувалі тое ж. Горад, у якім можна здымаць фільмы жахаў ці фільмы пра вайну… А сапраўды, такое ўражанне, што незадоўга да нашага прыезду, тут праходзілі ваенныя дзеянні…

 

Аб гэтым сведчылі: амаль поўная адсутнасць людзей на вуліцах, рассыпанае шкло, выбітыя вокны, а калі заглянуць у адно з іх – убачыш паламаную, перакуленую мэблю. Файная дэкарацыя ці рэальнае жыццё? А з другога боку, гэтыя будынкі вабілі да сябе. Проста знаходка для фотамастака.

 

Троху пазней мы даведаліся, што гэтыя занядбаныя будынкі – рэшткі вайны, якая скончылася 64 гады таму, і Лодзь сапраўды на працягу доўгага часу – галоўны цэнтр кінематаграфіі. Чаму так адбылося? Справа ў тым, што гэтыя дамы – уласная маёмасць і ніхто не хоча іх рамантаваць, бо раптам з’явіцца законны гаспадар…

 

Калі размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, яны казалі, што было б не дрэнна размаляваць дамы ў розныя колеры… Нават думка такая прыйшла: зрабіць флэшмоб «Размалюй сваю хату – зрабі жыццё каляровым!», але ініцыятараў адразу папярэдзілі, што паліцыя жартаў не любіць…

У Польшчы вельмі шмат графіці, пачынаючы ад подпісаў, сканваючы творамі мастацтва.Такі малюнак я знайшла ў Лодзі

Ёсць помнікі прысвечаныя пэўным людзям, а ёсць і для ўпрыгожвання гораду

 

Але не ўсё так кепска, як здаецца на першы погляд. Гэты горад мае два твары. З адным я вас пазнаёміла, а другі – даволі шыкоўны: святочны, багаты, с крамамі ды рэстарацыямі, паркамі, палацамі і мноствам помнікаў.

Дагэтуль ідуць спрэчкі, чый жа нацыянальны герой Тадэуш Касцюшка

 

Культурнае жыццё гораду канцэнтруецца ў Мануфактурах. Яно і зразумела, бо тут ёсць усё, што можа спатрэбіцца і зацікавіць кожнага: музей, кінатэатр, крамы, кавярні «насыпны пляж» і спецыяльны апарат, каб адправіць дзіцёнка ў падарожжа… «на Месяц».

 

Інтэр’ер рэстарацы можа быць і ў вясковым стылі…  А можа быць абсталяваны, як шацёр

Рэстарацый у горадзе на кожным кроку, таму каб заманьваць наведвальнікаў, трэба мець не толькі добрую кухню і шыкоўны інтэр’ер, але і знешні выгляд

Да гэтых часоў у Мануфактуры захаваўся статус «горад у горадзе». З сярэдзіны XIX стагоддзя ў гэтым вялізным фабрычна-жыллёвым комплексе жыла і працавала большая частка жыхароў гораду.

Шмат у Лодзі храмаў, і чамусці ўсе яны пабудаваныя ў неагатычным стылі.Лодзінскі Кафедральны сабор

У Лодзі ёсць свая адметнасць. Больш нідзе няма роварных павозак – рыкшаў. За 5-10 злотых, у залежнасці ад выбранага маршруту, можна паглядзець горад.

А яшчэ ў Лодзі, як і у іншых гарадах Польшчы любяць музыкаў, якія спяваюць на вуліцах, асабліва, калі спяваюць на іншай мове. Моладзь гэтым і карыстаецца, бо за невялікі час можна добра зарабіць. Не хацелася адбіраць хлеб у такіх знаходлівых талентаў, таму спявалі ідучы па вуліцы. Даспадобы мясцовым жыхарам прышліся «Простыя словы» Вольскага, «Ты з Менску – я з Гародні» гарадзенскага гурту «Здань» ці тая ж «Купалінка». Людзі ішлі на сустрач і ўсміхаліся ці кланяліся.

 

Вось такі ён, другі, пасля Варшавы, па велічыні і прамысловым значэнню горад краіны.

Фота аўтара