Заблукала ліса на гродзенскі КБМ
Як распавёў “Твайму стылю” ветэрынарны ўрач гарадской ветэрынарнай службы Дзмітрый Гайда, колькі дзён таму на тэрыторыю прадпрыемства, якое належным чынам не агароджана, заблукала ліса. Жывёла выклікала падазрэнне ў працоўных і тыя выклікалі спецыяльную службу. Адстрэленую лісу адправілі ў лабараторыю на дыягнастычнае абследаванне. Выявілася, што жывёла хварэла на шаленства. На тэрыторыі прадпрыемства абвясцілі карантын – пачынаючы ад строгай забароны перамяшчэння любых жывёл па тэрыторыі да перарэгістрацыі і пагалоўнай вакцынацыі жывёлаў у гэтым раёне – вуліцы Багуцкага, Горкага.
Хворыя дзікія жывёлы сустракаюцца даволі часта, кажа Дзмітрый Гайда. Вірус шаленства пастаянна мігруе, і пры неспрыяльных умовах жывёлы могуць заразіцца – не толькі лісы, але і зайцы, грызуны, увогуле любыя цеплакроўныя жывёлы. Спецыяльныя службы ў якасці прафілактычных мераў перыядычна раскідваюць ў лясной зоне прыманкі з прэпаратамі супраць шаленства.