Гродзеншчына прадставіць каля 20 праектаў у праграме добрасуседства “Латвія-Літва-Беларусь”
Гэта ўжо трэцяе паседжанне камітэту маніторынгу Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва і ладзіцца яно цягам двух дзён, паведамляе Радыё Рацыя. У нарадзе прымаюць удзел высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрстваў замежных спраў, Міністэрстваў унутраных спраў Літвы і Беларусі, а таксама Міністэрства рэгіянальнага развіцця і мясцовых самаўправаў Латвіі, прадстаўнікі Еўракамісіі ды Каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСІС Еўразвязу ў Рэспубліцы Беларусь.
Мэтай праграмы з’яўляецца паляпшэнне тэрытарыяльнай шчыльнасці латвійскага, літоўскага і беларускага памежнага рэгіёнаў, гарантаванне высокага ўзроўню аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэнне сацыяльнага дабрабыту, а таксама садзеянне міжкультурнаму дыялогу. Да 2013 году на рэалізацыю Праграмы мае быць выдаткавана больш за 37 мільёнаў еўра.
У ліку стратэгічных праектаў праграмы “Латвія-Літва-Беларусь” уваходзіць будаўніцтва сучаснага памежнага пераходу каля Гродна “Прывалка-Швендубрэ”, які да 2012 году будзе поўнасцю рэканструяваны. На гэта ЕС выдаткоўвае 2,5 мільёны еўра, паведамляе БЕЛТА.
У ліку праектаў Праграмы значыцца і будаўніцтва рачнога памежнага пераходу на Нёмане ў Літве. Увогуле Гродзеншчына для ўдзелу ў праграме транспамежнага супрацоўніцтва прадставіць каля 20 праектаў экалагічнай і медычнай скіраванасці. Арыентыровачна, кошт праектаў складзе ад 300 тысяч да 1,5 мільёна еўра. У прыватнасці, Гродзенскі медычны ўніверсітэт сумесна з Латвійскім дзяржаўным інстытутам хіміі драўніны маюць намер распрацаваць і ўкараніць спосаб карэкцыі парушэнняў здароўя, выкліканых хранічным алкагалізмам.
Гродзенскія медыкі прапаноўваюць стварыць уніфікаваную транснацыянальную сістэму хуткай медычнай дапамогі ў памежных раёнах на выпадак надзвычайных здарэнняў.
Гродзеншчына прадставіць і шэраг малых праектаў па падтрымцы ўстановаў культуры і адукацыі, развіцці турызма, супрацоўніцтва паміж ВНУ ў сферы лазернай фізікі.
Здымак з Радыё Рацыя