Пра лёс таблічкі з “дома Заменгофа”
У доме №5 па сённяшняй вуліцы Кірава Заменгоф пражыў з 1893 па 1897 год і працаваў вольным практыкам-акулістам. Раней на патрэсканых сценах будынку вісела таблічка з надпісам, што тут жыў аўтар мовы эсперанта. Каля двух з паловай гадоў таму назад таблічка з дому знікла – ці то наўмасна збілі, ці то наўмысна знялі. Дом завесілі расцяжкай з малюнкам Напалеона Орды і пастанавілі рэканструяваць.
– Спачатку казалі, што быццам бы гэта не той дом, дзе жыў доктар Эсперанта. Справа, дарэчы, дагэтуль не вырашана, той дом ці не. Зараз дом адселены, яго рэканструююць, а што далей – невядома – гаворыць Алесь Госцеў, гродзенскі краязнаўца.
На пытанне, куды дзелася таблічка, Вольга Мацко, спецыялiст па ахове помнiкаў пры аддзеле культуры Гродзенскага гарвыканкама, адказала:
– Таблічка нікуды не прапала – яе перадалі на захаванне ў ЖЭС-5, пасля рэстаўрацыі дома па вуліцы Кірава яе вернуць на месца.
Калі гэта адбудзецца, зараз невядома.