Аналагаў СЭЗ “Гроднатурінвест” у Беларусі няма

|

Па каментар дадзенай заявы мы звярнуліся да намесніка начальніка ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму гродзенскага аблвыканкама Міхаіла Кажуры. Па яго словах, праект па стварэнні СЭЗ “Гроднатурінвест” адасланы ў Савет Мінсітраў яшчэ паўтары тыдні таму:

Па праекце стварэння СЭЗ “Гроднатурінвест” зроблена вялізная праца. Справа ў тым, што падрыхтаваны праект дасылаецца ў 12 ведамстваў. Кожнае трактуе яго паводле сваіх палажэнняў і законаў. І калі хоць адно ведамства мае заўвагі, праект вяртаецца на дапрацоўку. Паўтара тыдні таму мы адаслалі канчатковы варыянт праекта ў Савет Міністраў. Чакаем адказу. Там засталося пытанне пра ўключэнне пункта “вызваленне ад мытных пошлінаў”, да якога маюць прэтэнзіі Мытны камітэт і Мінюст. Вырашыць пытанне аб вызваленні ад мытных пошлінаў можна толькі на наднацыянальным узроўні – пры згодзе ўсіх краін-удзельніц Мытнага саюзу.

Стварэнне СЭЗ “Гроднатурінвест” павысіць магчымасці прыцягнення інвестараў ў развіццё інфраструктуры. З СЭЗ “Гроднаінвест” турыстычная зона будзе мець агульнае кіраванне, аднак рэгістраваць розных рэзідэнтаў. Да прыкладу, каб стаць рэзідэнтам СЭЗ “Гроднаінвест”, трэба мець 1 мільён еўра, для рэзідэнства ў “Гроднатурінвест” дастаткова 200 тысяч еўра адпаведна. Пры гэтым інвестары вызваляюцца да 70% падаткаў.

На дадзены момант стварэнне свабоднай эканамічнай зоны турыстычнага кірунку, а не прамысловага, унікальны для Беларусі праект. Такіх зонаў пакуль у нашай краіне няма.