Польскі нарыс беларускага пытання
“Кароткі нарыс беларускага пытання” надрукаваны ў 1928 годзе для ўнутранага карыстання польскіх спецслужбаў, паліцэйскіх і дзяржаўных чыноўнікаў. Там коратка апавядаецца гісторыя Беларусі, але самае важнае ў ёй – гісторыя станаўлення нацыянальнага руху ад пачатку ХХ ст. да 1928 г. да моманту ліквідацыі палякамі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады.
– Гэта такая сінтэтычная гісторыя беларускага нацыянальнага руху, – кажа адзін з укладальнікаў кнігі гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. – У кнізе змешчана шмат дакументаў – як у перакладзе з польскай мовы, так і арыгіналы. Можна сказаць, што гэта ўжо другое выданне нарысу. Першы раз кніга друкавалася ў лістападзе 2007 года ў часопісе “ARCHE”. Але дадзенае выданне – значна перапрацаваны варыянт. Яно мае прадмову і пасляслоўе на 50 старонках і змяшчае каля 500 каментароў.
Значнае месца ў кнізе надаецца гарадзенскім падзеям – нацыянальны рух на Гродзеншчыне ў 1909-1927 гг: першы гурток беларускай моладзі, перыяд БНР у Гродна, дзейнасць гарадзенскага ТБШ, гарадзенскай Грамады беларускай моладзі.
Над выданнем у межах кнігарні “Наша ніва” працавалі таксама гісторыкі Алесь Пашкевіч і Андрэй Чарнякевіч.
Першая прэзентацыя “Кароткага нарысу беларускага пытання” адбудзецца ў Мінску ў кнігарні галерэі “Ў” 13 лютага а 17 гадзіне.