Волечка Бяляева вярнулася дадому дзякуючы вашай падтрымцы
Волечка з верасня 2007 году знаходзілася ў рэанімацыі Гарадзенскага абласнога клінічнага шпіталю. Яна пакутуе ад цяжкага захворвання – прагрэсуючай мышачнай дыстрафіі і мае патрэбу ў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кансіліум дактароў летам мінулага году прыняў рашэнне выпісаць Волю дахаты з улікам стабільнасці стану дзіцяці і адсутнасцю метадаў лячэння хваробы. Пры гэтым дзяўчынцы быў патрэбны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, кошт якога складае 18 тысяч еўра. “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” звярнуўся да грамадскасці з просьбай дапамагчы сродкамі, каб набыць апарат, пра што “Твой Стыль” пісаў раней.
На дадзены момант удалося сабраць неабходную суму, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх набылі і Волечка Бяляева змагла вярнуцца са шпіталя дадому. Сям’я дзяўчынкі і “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” шчыра дзякуюць усім, хто да гэтага спрычыніўся!