Гродзенскія калекцыі будуць удзельнічаць у “Мельніцы моды”
Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці гродзенскага каледжа лёгкай прамысловасці Алены Бяляевай гэта вялікі поспех:
– Для параўнання, у мінулым годзе на адборачным туры ў Гродна было прадстаўлена каля 12 калекцыяў, для фіналу абралі толькі 2. А сёлета было 7 калекцыяў, усе іх Саша Варламаў абраў для ўдзелу ў “Мельніцы моды”. Канешне, даў парады, каму што выправіць, дапрацаваць, а пасля прывезці паказаць на мінскім туры 9 сакавіка. Але ў цэлым вядомы мадэльер адзначыў, што ўзровень гродзенскіх калекцыяў нашмат вышэйшы за мінулагодні.
З сямі прадстаўленых калекцыяў 2 створаныя супрацоўнікамі каледжа, 3 яго навучэнцамі. І яшчэ адну калекцыю прывезлі з Ваўкавыска, і адну дзяўчына з Мінска, якая вырашыла апярэдзіць свой тур. Гродзенцы дэманстравалі 2 дзіцячыя калекцыі, адну маладзёвую з яркага трыкатажу з прынтамі, адну маладзёвую спартыўна-рамантычную ў стылі верхавой язды, а таксама рамантычную калекцыю жаночых сукенак і калекцыю з нацыянальнымі элементамі. Усе яны будуць удзельнічаць у фінальным паказе “Мельніцы моды”, які ладзіцца ў Мінску ў маі.
Калекцыі гродзенскага каледжа лёгкай прамысловасці штогадова адзначае журы гэтага папулярнага беларускага фестывалю моды. “Мельніца моды” да таго ж з’ўляецца паўфіналам рускага конкурсу “Русский силуэт”. У мінулым годзе навучэнка гродзенскага каледжа з мужчынскай калекцыяй “З любоўю, Анна” трапіла на паказ прэстыжнага мерапрыемства ў Расію, дэманстравалася на творчых майстэрнях у Вене, Берліне, Брусэлі.