Гродна далучыцца да міжнароднай акцыі “Белы рамонак”

|

24 сакавіка ладзіцца гарадская акцыя “Белы рамонак”. Каля кінатэатра “Космас” з 11 да 15 гадзін будзе знаходзіцца пульмаскан. Пры наяўнасці дакумента аб пасведчанні асобы любы чалавек можа прайсці флюараграфічнае абследаванне. А ў 15 гадзін у кінатэатры “Космас” пакажуць дакументальнае кіно “Спытай у пыла”.

Кветку белага рамонку абралі ў якасьці эмблемы барацьбы з туберкулёзам у 1911 годзе. У тым жа годзе ў Бабруйску стварылі аддзел Усерасійскай лігі барацьбы з туберкулёзам. Першы дзень “Белага рамонку” адбыўся 24 красавіка 1911 года. Каб сабраць ахвяраванні ў фонд барацьбы з гэтай хваробай, удзельнікі акцыі, у тым ліку студэнты і гімназісты, прадавалі штучныя белыя рамонкі, зробленыя гадаванцамі дзіцячых дамоў. Людзі прымацоўвалі да вопраткі папяровы ці металічны знак кветкі.

Сёлета акцыя ладзіцца больш чым у 30 гарадах Беларусі.

За мінулы год на Гродзеншчыне зафіксавана больш за 500 выпадкаў захворванняў на туберкулёз. Акцыя ладзіцца, каб прадухіліць рост гэтага захворвання.