Захаваюцца назвы страчаных беларускіх вёсак

|

Даведнік складаецца з шасці кніг – па адной на кожную з абласцей краіны, перадае БЕЛТА. Паводле слоў кансультанта ўпраўлення картаграфіі і інфармацыйных тэхналогій Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Наталлі Аўраменка, даведнік стаўся вынікам вялікай працы па ўпарадкаванні найменняў населеных пунктаў Беларусі. У ім змешчаны поўны пералік не толькі існуючых населеных пунктаў, але і страчаных па розных прычынах.

Тэкст для даведніка рыхтавалі супрацоўнікі Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з удзелам райвыканкамаў і шырокай грамадскасці – супрацоўнікаў краязнаўчых музеяў, школьных настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ і студэнтаў.

Выданне складаецца з 8 структурных частак. У тым ліку пададзеныя агульныя звесткі па тэрыторыі вобласці, поўны рэестр назваў населеных пунктаў на беларускай і рускай мовах і ў перадачы з беларускай мовы на лацінку. Падаюцца таксама варыянты афіцыйных назваў, спіс назваў страчаных або зніклых населеных пунктаў.

Першая кніга даведніка выйшла ў 2003 годзе. Яго паасобнікі маюцца ў картографа-геадэзічных службах іншых краін. Кніга па Гродзеншчыне была выдадзеныя ў 2004 годзе. Апошнім надрукаваная кніга назваў на Берасцейшыне, бо ў тым рэгіёне падрыхтоўка пераліку назваў населеных пунктаў, якія маюць уплывы беларускай і ўкраінскай моваў, патрабавала дэталёвага навуковага абгрунтавання.

Здымак з vialejka.org