Чаму і каму патрэбна «згарнуць балаган»?
Перад пачаткам летняга сезону, калі на сонечных вуліцах зноў змогуць граць гітары і дуды, захоча танчыць і спяваць моладзь, мы вырашылі даведацца, як жа ставяцца гарадзенцы да вулічных артыстаў і што пагражае ў новым сезоне самім выступоўцам.
Аднойчы мне пашчасціла ўбачыць узрушаючы выступ капўэрыстаў, якія змагаліся ў танцы. Адбываўся гэты выступ на Савецкай плошчы, і, вядома ж, вакол артыстаў сабралася кола гледачоў. Акрамя дэманстрацыі свайго майстэрства выступоўцы прапаноўвалі жадаючым навучыцца базавым элементам. Усё дзейства суправаджалася жывой бразільскай музыкай. Але прыкладна праз гадзіну выступ быў перапынены нечаканым з’яўленнем міліцыі, якая пераканаўча патрабавала «згарнуць балаган». Натоўп расчаравана ахаў, некаторыя заступаліся за артыстаў, але гэтыя намаганні былі дарэмнымі.
Вось што гарадзенцы думаюць пра гэта.
align=”left” >Ягор, 18 гадоў: Я цалкам нейтральна стаўлюся да вулічных выступаў. Калі я іду па горадзе, я проста слухаю музыку ў слухаўках і не адцягваю ўвагі на нешта іншае.
Наступнымі ў нашыя сеткі трапілася выдатная група з чатырох бабуль. Яны, як вядома, гаваркія, вось толькі адна фатаграфавацца не пагадзілася.
– А што дрэннага? Вядома хай і гуляюць і спяваюць артысты! Так весялей, і людзям прыемна. А калі і паставяць яны калі-некалі капялюш, каб сабраць нейкія грошы, дык гэта ж капейкі! Яны граюць так, для душы. Нам значна больш надакучылі жабракі, што пад царквой сядзяць. Ад іх ніякай карысці, а чаго просяць – самі не ведаюць. Пенсію ўсім плацяць! А калі моладзь імкнецца нешта прыгожае рабіць, то абавязкова міліцыя ўсіх разгоніць.
Маша, 29 гадоў: Я, сапраўды кажучы, і не назірала ніколі добрых вулічных паданняў. А тыя, хто граюць адныя і тыя жа песні ў пераходзе, ужо надакучылі. Я не супраць вулічных артыстаў, але асаблівай патрэбы ў іх не адчуваю.
Ілля, 18 гадоў: Мне вельмі падабаюцца вулічныя выступы і я заўсёды рады, калі бачу нешта такое. Вельмі люблю якасных музыкаў, гульцоў на вуліцах гораду. Аднойчы ўбачыў каля «Баторыі» дзяўчыну, якая грала на скрыпцы… І калі цяпер у мяне спыталі б, як выглядае скрыпач, я прадставіў бы менавіта яе. Крыўдна, што цяпер з выступамі стала вельмі строга.
Супернікаў у вулічных артыстаў няма, але ёсць людзі абыякавыя, як і ва ўсім. Прыхільнікі вулічнай культуры і самі яе стваральнікі, вядома будуць змагацца за яе захаванне, але ці дазволяць гэта дзяржаўныя структуры?
Прадстаўнікі міліцыі нам сказалі, што проста гульня на прыладзе або спеў у грамадскім месцы не з’яўляецца злачынствам або парушэннем. Да адказнасці можна прыцягнуць тых, хто сваім выступам перашкаджае грамадству, уяўляе небяспеку для жыцця людзей або знішчае навакольнае асяроддзе. А проста вячоркі з гітарай, натуральна, парушэннем не з’яўляюцца.
Аб уводзінах штрафаў або адміністратыўнай адказнасці за несанкцыянаваную канцэртную дзейнасць кожны вулічны артыст павінен ведаць і памятаць. Бо неасцярожныя дзеянні часам могуць каштаваць не толькі грошай, але і абмежавання волі.