Мільён кніг у год выдаюць гродзенскія бібліятэкі

|

Як паведаміла “Твайму Стылю” дырэктар гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Рыбалка, на сённяшні дзень у Гродна існуе 4 медыяцэнтры – 2 дзіцячыя і 2 для дарослых. Дзіцячыя цэнтры прапаноўваюць інфармацыйна-адукацыйныя, а дарослыя інфармацыйна-мультымедыйныя паслугі. У медыяцэнтры можна атрымаць доступ да Інтэрнэту, адшукаць патрэбнае выданне па электронным бібліяграфічным каталогу, папрацаваць з электроннымі слоўнікамі і даведнікамі, скапіраваць выданні ў электронным фармаце на любы носьбіт і інш. Гарадская бібліятэчная сетка мае ў наяўнасці каля 100 дыскаў з мастацкай і навуковай літаратурай, а таксама літаратурай энцыклапедычнага характару. Плануецца ў бліжэйшы час набыць электронна-прававую базу “Электронная Беларусь”, якая змяшчае сто тысяч электронных дакументаў. Дыскі з літаратурай набываюцца ў расійскіх выдавецтвах за пазабюджэтныя сродкі, таму паслугі па карыстанні электроннымі рэсурсамі ў асноўныя платныя. За мінулы год гарадская бібліятэчная сістэма, якая складаецца з 14 філіялаў, аказала паслугі насельніцтву на 50 мільёнаў рублёў. У год гарадскія бібліятэкі выдаюць гродзенскім чытачам больш за адзін мільён выданняў. Сашка Верацейчык