Гродна засадзяць кветкамі
Эскізы будучых клумбаў і кветнікоў пакуль распрацоўваюцца. Частку кветак ужо высадзілі. Найперш насадзілі кветак у цэнтры горада, аднак большая частка раслін будзе пасаджана менавіта да фестывалю. Па словах ландшафтнага архітэктара “Гродназелянбуда” Алены Ігнатовіч сёлета зелянбуд мае асабліва багатую палітру і асартымент жывога дэкору, перадае БЕЛТА.
Асаблівая ўвага будзе надавацца ўездам у горад. На ўпрыгожванне пойдзе ўсё: і традыцыйныя для Гродна вісячыя кветкавыя шарыкі або невысокія падвесныя канструкцыі, і новыя, у тым ліку шмат’ярусныя кветкавыя дэкарацыі. Шмат’ярусны букет з пяці кветак расквітнее на перасячэнні вуліц Савецкіх памежнікаў і Соламавай. На ўездзе ў Гродна з боку шашы з Мінску гасцей сустрэнуць кветкавыя абрысы горада і прывітальны надпіс. Кветкамі нават аформяць раздзяляльныя палосы шырокіх аўтадарог.
Ландшафтныя архітэктары плануюць на спуску ў Швейцарскую даліну ўладкаваць кветкавы хутарок з домікам, масткамі і іншымі дэкаратыўнымі элементамі.
Схілы Нёмана, на якіх узвышаюцца Стары і Новы замкі, а таксама Каложская царква, засадзіць кветкамі не ўдасца – схілы занадта стромкія.
У мікрараёнах горада ўпрыгожваць тэрыторыі будуць школы і службы ЖКГ.