Пад Егіпецкім сонцам. Нататкі прывольнага турыста. Ч 1-2

| Без катэгорыі

І ацаніць гэта можа толькі такі ж адпачываючы, як і я, які стаміўся ад шэрасці зімовых вечароў і які марыць распластацца пад егіпецкім сонцам побач з басейнам або на беразе цудоўнага Чырвонага мора. Гэтая мая першая паездка на Ўсход прынесла мне і сяброўцы Тані нямала прыгодаў, незабыўных уражанняў і новых адкрыццяў.

Частка 1-я. Мясцовыя жыхары

Асноўнае насельніцтва Егіпта – гэта арабы (90%), копты (8%) і бедуіны (2%). Апошнія пражываюць вёскамі ў пустэльні ва ўмовах, блізкіх да жабрацкіх.

Менталітэт і тэмперамент арабаў такі, што амаль з кожнай жанчынай ці дзяўчынай са светлай скурай яны імкнуцца адразу пазнаёміцца. У гандляроў гэта пагаршаецца жаданнем прадаць свой тавар. Таму кожны гандляр-прадпрымальнік лічыць сваім абавязкам вывучыць стандартны набор рускіх фраз і выразаў. Некаторыя з іх дасягаюць у гэтым значных поспехаў, балбочучы не горш госцяў з Сярэдняй Азіі.

Першае пытанне мінаку звычайна гучыць так: «Як справы?» або «Рускі?». У залежнасці ад адказу – абдымкі са словамі: «Зямляк!». У адрозненне ад краін Заходняй Еўропы, у Егіпце ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. Здзіўляюць веды беларускай культуры і палітыкі. Самыя папулярныя словы: «Лукашэнка», «Мінск», «бульбаш» (падазраю, што гэта назоў беларускай гарэлкі, а не прастамоўны «nickname» жыхара РБ).

 

У кожнай краме ў гаспадара знойдзецца пара-тройка сяброў з беларускага боку, якія пакінулі свае захопленыя водгукі аб гаспадару менавіта гэтай крамы ў спецыяльнай кнізе водгукаў (не блытаць з бестсэлерам нашых крам – «Кнігай скарг і прапаноў»). Ва ўсходніх крамах-павільёнах вы не сустрэнеце ні цэннікаў на тавар, ні яго апісання – аб гэтым абавязкова трэба будзе спытаць гаспадара або памочніка.

Так што наведванне крамачкі ператвараецца ў сучаснае шоў з зазыўнымі прамовамі, чаяваннем, роспытамі і аповядамі, невялікімі падарункамі ад гаспадара. І практычна заўсёды (нават калі ў вас і ў думках не было нічога купляць) візіт сканчаецца набыццём нейкай рэчы. Доўжыцца гэтая працэдура ад 5-10 хвілін і да паўгадзіны.

 

Усё залежыць ад устойлівасці духу наведвальніка і шчодрасці, настойлівасці і артыстызму гаспадара. Яны – псіхолагі чалавечых душ і майстры гандлю! Са словамі гаспадара «руская мафія» шчаслівы пакупнік атрымлівае пакупку. Мы, напрыклад, плацілі зніжку пацалункамі. Згандляваліся па 3 – але з кожнай. Праз некаторы час, калі турыст прыходзіць у сябе пасля шоў і ў яго з’яўляецца здольнасць думаць, ён пачынае разважаць, навошта ж ён купіў гэтыя 10 папірусаў?

 

Як паказвае практыка, парады і наказы бывалых, меркаванні і абмеркаванні ў чатах і на форумах, а таксама разумны сэнс, не дапамагаюць. Кожны спатыкаецца аб уласныя граблі, гэтак жа, як і мы, везучы 11 папірусаў з аэрапорту Хургады: яшчэ адзін Таня прыкупіла на экскурсіі па Чырвоным моры.

Сярод мясцовага насельніцтва курортных мястэчкаў не сустрэнеш п’яных або недагледжаных. Мужчыны – чыста выгаленыя і акуратна апранутыя. Сярод абслугоўваючага персаналу шмат маладых і нежанатых. Знайсці нявесту сярод мясцовых дзяўчат маладому арабу не проста. Па законах бедуінаў, напрыклад, жаніх павінен заплаціць 10 вярблюдаў за прыгожую дзяўчыну, за непрыгожую – 2 бараны, за дзяўчыну з фізічным недахопам – 1 казу. Да ўвагі, адзін вярблюд каштуе каля 3000$. Пацешна! Але толькі не маладому арабу. Насамрэч, жарт пра «калым» мае рэальную аснову – без грошай ні адна сям’я не аддасць сваю дачку «пад вянец».

 

Магчыма, таму з такой зацятасцю многія шукаюць жонку сярод турыстак. Можа быць, у гэтым і крыецца жаданне маладых арабаў выглядаць прывабнымі і прыемнымі ў зносінах. Хто ведае? І толькі бедуіны далі клятву не змешваць сваю кроў з іншароднай, яны з пагардай вінавацяць егіпцян у тым, што тыя парадніліся са ўсім светам!

 

Частка 2-я. Павучальная гісторыя аб тым, чаму не трэба ездзіць на квадрацыклы чалавеку без правоў

Не, мяне не спыніў інспектар ДАІ, які схаваўся за адзіным дрэвам, якое сустрэлася на нышым шляху. Я проста ледзь не навярнулася разам з гэтым самым квадрацыклам на вачах ва ўсёй экскурсійнай кампаніі да свайго сораму. Аднак, усё па парадку.

>

Наведаць вёску бедуінаў можа любы турыст, падпісаўшыся на экскурсію. Звычайна яна ўключае ў сябе дзве праграммы. «Абавязковая»: 10 хвілін катання на «караблях пустэльні» ў суправаджэнні страшнага выгляду паганятых, падарожжа на квадрацыкле (чатырохколавым матацыкле) або джыпе да стаянкі ў суправаджэнні інструктараў, чаяванне ў вёсцы, кароткую экскурсію вакол стаянкі. А вось кальян (тут ён завецца – «кукіша»), захапляльныя танцы бедуінаў і заход сонца ў пустэльні – па жаданні. Экскурсія пачынаецца ад «перавалачнай базы», дзе збіраюць турыстаў і фармуюць у асобныя групы. У хіжынах, пад саламянымі стрэхамі чарговая партыя турыстаў чакае сваёй чаргі на сродкі перасоўвання і атрымлівае порцыю інструкцый. Побач размешчаныя паркоўкі джыпаў, квадрацыклаў і вярблюдаў.

Падарожжа да бедуінаў падавалася мне спачатку яскравай прыгодай, рамантычнай і трохі небяспечнай. У адрозненне ад Сахары з яе барханамі і зыбучымі пяскамі, Аравійская пустэльня з’яўляецца сапраўдным узорам каменнай пустэльні. Калісьці, мільёны гадоў таму, у гэтым месцы зямной кулі плёскалася мора!

 

Перасоўванне па пустэльні немагчыма без адмысловай экіпіроўкі. Хустка на галаву завязваецца так мудрагеліста, што яе часткай можна закрыць твар ад ветру і пяску. Сонечныя акуляры з’яўляюцца абавязковым атрыбутам экіпіроўкі. Забыўся акуляры ў нумары і табе прапануюць купіць на месцы за «смешныя» 7$. Дарэчы, гэты тавар тут вельмі запатрабаваны.

Несапраўдны сфінкс

У хустцы, акулярах і касцы вы выглядаеце як сапраўдны герой фільму «Мумія». Я апынулася ў ліку шчасліўчыкаў, якіх чакала падарожжа да вёскі бедуінаў на квадрацыклах у складзе групы з 14 чалавек (10 рускіх, 2 немцы і 2 інструктары). Прызнацца, я не вельмі ўзрадавалася таму, што месца прызначэння знаходзіцца ў сарака кіламетрах ад нас. 4-х колавы матацыкл здалёк выглядаў цалкам нявінна, нават па-дзіцячаму. І праехаць на ім 2-3 разы вакол стаянкі было б задавальненнем. Але перспектыва трэсціся на ім с хуткасцю 40 км/г па бездарожжы чалавеку з адсутнасцю  досведу кіроўцы мяне палохала. Успомніўшы досвед катання на машынках у парку Горкага, я вырашыла, што спраўлюся з гэтай задачай: падумаеш, толькі дзве функцыі – тормаз і газ!

Графіці па-егіпецку

Інструктар Ахмед, прыязнасць якога я заваявала тым, што прапанавала свае паслугі ў якасці перакладчыка, назіраючы за маімі засяроджанымі маніпуляцыямі з матацыклам, засумняваўся ў маіх  здольнасцях і прапанаваў перасесці да яго ў якасці пасажыра. Але гонар і рызыка перасілілі страх! Я запэўніла яго, што спраўлюся. За што і паплацілася, ледзь не перакуліўшы квадрацыкл на поўнай хадзе. Доўга яшчэ Ахмед ківаў галавой, прыйшлося пагадзіцца і перасесці да яго. Але 10 кіламетраў я ўсё ж пераадолела!

Фота аўтара

Працяг будзе