Фестываль маладзёвай журналістыкі: чакайма працягу

Апошні дзень фэсту распачаўся прэзентацыямі.

Аўтары праекта generation.by (які вырас уласна з studenty.by) распавялі, адкуль пайшоў панятак пакаленне Y, што цікавенькага змяшчае іх Інтэрнет-пляцоўка, пахваліліся трыдыцыяй аўторкаў добрых людзей – гэта калі карыстальнікі і аматары generation.by сустракаюцца за гарбатай і півам off-line, традыцыя трывае ўжо 5 год!

Сайт спадабаўся яшчэ больш, калі выявілася, што гарадзенскі Фэст і generation.by маюць падобны талісман – вожыкаў.

Між іншым, акурат джэнерэйшн належыць аўтарства стварэння геніяльных беларускіх смайлікаў, якія карыстаюцца шалёнай папулярнасцю ў байнеце. 

 

Наступнымі “прэзентатарамі” былі аўтары хіба самага вядомага беларускамоўнага маладзёвага мультымедыйнага часопіса “34”.

Крысціна Карчэўская і Каця Сырамалот паказалі чарговы нумар мультымедыйнага часопіса, прысвечанага гэтым разам азіяцкай Беларусі.

Адныя назвы матэрыялаў “Беларусь вузкавокая”, “Цвяток радзімы васілька. Замест пэрсыдзкага ўзора” адказы апытанкі пра Азію і азіятаў, адметная, “фірмовая” мова – выглядала на тое, што прэзентацыя праектаў хутка ператворыцца выключна ў паказ “34”.

Гледачы яшчэ больш ажывіліся, калі дзяўчыны дасталі стос дыскаў для распаўсюду.

Яшчэ адна прэзентацыя пазнаёміла беларускіх маладзёнаў з магчымасцямі ўдзелу ў праграме ЕС “Моладзьу дзеянні”.

Ейны кірунак “Еўрапейская валантэрская служба” прапануе моладзі папрацаваць у якасці валантэра ў грамадскай арганізацыі еўрапейскай краіны ад двух месяцаў да году.

Скончыўся прэзентацыйны блок знаёмствам з маладзёвым студэнцкім радыё “Залік”, якое працуе пры ЕГУ і хутка будзе даступнае для праслухоўвання на www.zalik.org.

Пасля ўсе разышліся па майстар-класах, якія абяцалі быць ня менш цікавымі, – карыснымі дык дакладна.

Гэтым разам прапаноўвалася наведаць занятак па асаблівасцях асвятлення міжнародных навінаў у Анджэя Пісальніка, па майстэрству падрыхтоўкі відэа-навінаў, з якім знаёмілі журналісты ТV-Белсат Зміцер Ягораў і Алесь Залеўскі.

З практычнай журналістыкай, у прыватнасці, як ужываць парады класічных міжнародных падручнікаў у нашых умовах, пазнаёміў Глеб Лабадзенка.

Майстар-клас Таццяны Мельнічук тычыўся радыё-журналістыкі і знаёміў са спецыфікай працы ў гэтым кірунку.

Змястоўна папрацаваўшы, удзельнікі фэсту пайшлі на танцы, далучыўшыся да ўдзельнікаў гарадзенскага клубу “Гальярда”.

Гістарычныя танцы патрабавалі плошчы, але разысціся ў дворыку не ўдалося. Аднак гасцям спадабаліся беларускія, літоўскія і польскія танцы і ў залі.

Напрыканцы заставаліся самыя прыемныя і ўрачыстыя моманты – узнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых журналістаў “Твой Стыль”.

Конкурс ладзіўся па чатырох намінацыях. Пераможцы атрымалі падарункі, дыпломы і металічныя статуэткі ў выглядзе фігуры чалавека, які трымае асадку – сімвал гарадзенскай Школы маладога журналіста.

Свайго зорнага часу чакалі навучэнцы Школы маладога журналіста, ужо 13-га выпуску.

З адмысловымі жоўтымі стужачкамі з надпісам “ШМЖ-13” і ў святочных строях яны выглядалі надзвычай урачыста.

Пасведчанні аб сканчэнні курсу “Асновы журналістыкі” ў межах праекта “Школа маладога журналіста” ўручалі выпускнікі ШМЖ мінулагодніх выпускаў, “найстарэйшы” з іх навучаўся ажно ў ШМЖ-4.

Да падрыхтоўкі выпускнога маладыя журналісты паставіліся адказна.

Усіх чакаў вялізны торт (самі, канечне, ШМЖкі не пяклі, але ўсё роўна было прыемна), а яшчэ яны падрыхтавалі надзвычай прыемны сюрпрыз сваім выкладнікам, рэдактарам, каардынатарам.

Кожны атрымаў падаруначак і ўласны здымак з вершаваным прысвячэннем. Для супрацоўнікаў праекта Школа маладога журналіста гэта сталася зусім нечакана і надзвычай прыемна. Гэтулькі складных вершыкаў не пісаў ніводзін выпуск ШМЖ!

 

Пасля слёзаў радасці і смутку з таго, што чарговы выпуск адбыўся, апошнія ўрачыстыя словы словы на закрыццё Фестывалю сказалі, усіх удзельнікаў чакаў канцэрт вядомага гарадзенскага выканаўцы Пятра Клюева.

Традыцыя Фестывалю маладзёвай журналістыкі, спадзяемся, будзе працягвацца і надалей.

Гэта будзе наш унёсак у тое, каб Гародня звалася сапраўды культурніцкім горадам. Інтэрв’ю, рэпартажы, здымкі, якія выхапілі самыя цікавыя моманты Фэсту, яшчэ з’явяцца на “Тваім Стылі”!

Здымкі Яўгена Здановіча і Юры Іванюка