Перайменаваць вуліцу будзе прасцей?
Такая норма замацаваная ў законапраекце “Аб найменаванні геаграфічных аб’ектаў”, які прыняты сёння на паседжанні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў, перадае БЕЛТА.
Дакумент прадугледжвае, што для прыняцця рашэння аб найменні ці выбары іншай назвы для фізіка-геаграфічных аб’ектаў, адміністрацыйных адзінак, населеных пунктаў трэба абавязкова ўлічваць меркаванне насельніцтва. Інфармацыя аб прапанаванай назве павінна быць заранёў апублікавана ў мясцовых СМІ. Калі людзі не згодныя, яны могуць звяртацца да мясцовых улад, якія абавязаныя прыпыніць працэдуру прысваення назвы і выпрацаваць ўзгодненае рашэнне разам з мясцовымі жыхарамі.
Больш таго, грамадзяне самыя маюць права выходзіць з ініцыятывай аб прысваенні ці змене той ці іншай назвы геаграфічнага аб’екта. Адпаведныя прапановы могуць быць унесеныя па рашэнні мясцовага савета ці па выніках мясцовага рэферэндума. Усе назвы, згодна з законапраектам, прысвойваюцца адначасова на беларускай і рускай мовах. Гэты ж законапраект усталёўвае забарону на выкарыстанне ў назвах геаграфічных аб’ектаў найменняў, “несумяшчальных з гісторыяй і культурай Беларусі, грамадскімі інтарэсамі, прынцыпамі гуманнасці і маралі.”
Аднак гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч сумняваецца ў эфектыўнасці дадзенай нормы:
– Пакуль няма ніякага рэальнага механізму, як гэта мусіць адбывацца. Калі такі механізм не будзе прапісаны, гэтая норма будзе насіць фармальны характар. Нават больш, мне падаецца, яна будзе рабіць працэдуру вяртання гістарычных назваў больш складанай. Напрыклад, з’явіцца ініцыятыва надання нейкай гарадзенскай вуліцы гістарычнай назвы. А нейкі ветэран выступіць супраць, і гэта стане фармальным матывам адмовіць у перайменаванні.
У маі гэтага году гродзенскія краязнаўцы атрымалі адмову ад гарадскіх улад перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Карпюка. Зараз збіраюцца подпісы аб наданні адной з гродзенскіх вуліц імя Быкава.