Астравецкі суд адмовіўся разглядаць пазоў “Экадома”

Як нагадвае БелаПАН, арганізацыя з лістапада 2009 года патрабуе азнаямлення экалагічнай грамадскасці з дакументацыяй па АУНА будучай беларускай АЭС у электронным або друкаваным выглядзе. Толькі ў лютым супрацоўнікі Дырэкцыі прапанавалі эколагам прыйсці ў офіс для азнаямлення з інфармацыяй. Пры гэтым дакументы былі даступныя толькі ў працоўны час, выносіць іх забаранялася. Як лічыць юрыст “Экадома” Сяргей Магонаў, гэтая адмова супрацьзаконная, бо парушае міжнародную Орхускую канвенцыю і закон аб ахове навакольнага асяроддзя Беларусі.

 

Астравецкі суд палічыў, што справа непадведамасная суду агульнай юрысдыкцыі і парэкамендаваў звярнуцца ў гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці. Юрыст “Экадома” мяркуе, што справа спыненая з-за таго, што суд не жадае прызнаваць справядлівасць довадаў “Экадома”. Бо рашэнне на яго карысць будзе мець рэзананс як першы прэцэдэнт у Беларусі, які фіксуе парушэнні чыноўнікамі Орхускай канвенцыі.

 

Сяргей Магонаў лічыць, што падчас прыняцця рашэння аб спыненні справы дапушчаныя працэсуальныя парушэнні. “Калі грамадзянская справа ўзбуджаная, то яе спыніць па непадведамаснасці нельга. Трэба было раней або адмовіць у прыняцці пазовы, або, калі прынялі, даводзіць да канца”, – паведаміў юрыст БелаПАНу.

 

Цягам 10 дзён аб’яднанне “Экадом” і Сяргей Магонаў маюць намер падаць прыватную скаргу ў Гродзенскі абласны суд на вызначэнне суда Астравецкага раёна і дамагацца разгляду справы ў судзе агульнай юрысдыкцыі.