Малы памежны рух без віз не так ужо і хутка

На памежным пераходзе Кузніца выконваючы абавязкі прэзідэнта Польшчы маршалак Сейму Браніслаў Камароўскі падпіша сёння дамову пра малы памежны рух. У спатканні на мяжы возьмуць удзел падляскі ваявода Мацей Жывно і прадстаўнікі мясцовых самакіраванняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі, дзе будзе дзейнічаць дамова пра малы памежны рух.

 

Згодна з пунктамі дамовы, малы памежны рух датычны 590 тысяч польскіх грамадзянаў і каля 1,1 мільёна беларусаў, што жывуць на памежных тэрыторыях.

 

21 мая польскі Сейм адзінагалосна ратыфікаваў дамову, зацверджанне яе в.а.прэзідэнта Польшчы скончыць працэдуру непасрэдна да ўкаранення яе на практыцы па польскім баку. Каб дамова пачала дзейнічаць, яе мусяць зацвердзіць з беларускага боку. Гэта будзе пасля 30 дзён, як Польшча атрымае дыпламатычную ноту з Беларусі аб сканчэнні ўсіх унутраных працэдур. Аднак акурат з беларускага боку гэтая працэдура не будзе ажыццёўлена так хутка. Нагадаем, беларускі парламент прыме рэзалюцыю, якая дазволіць ратыфікаваць прэзідэнтам дамову, толькі падчас восеньскай сесіі ў кастрычніку. То бок казаць пра магчымасць перасячэння беларуска-польскай мяжы насельнікамі памежжа ўжо гэтым летам не даводзіцца. Хутчэй за ўсё дамова пра малы памежны рух пачне дзейнічаць з 2011 году.

Паводле інфармацыі wiadomosci.bstok.pl

Здымак з www.siemiatycze.com.pl