Варшава-Мінск: дыялог ва ўльтыматыўнай форме

|

Як піша сайт Polskaweb.eu, у патрабаваннях Варшавы гаворыцца, што “Аляксандр Лукашэнка не можа быць запрошаны на самміт ЕС у Прагу, калі не будуць абараняцца правы польскай меншасці ў гэтай краіне”.

Размова ідзе пра апошнія правакацыі супраць лідэра непрызнанага беларускімі ўладамі СПБ, перашкоды на шляху правядзення ў Гродна з’езду гэтай арганізацыі і кантактаў сябраў СПБ з Варшавай.

Як заявіў у размове з польскім выданнем Wprost намеснік міністра польскага МЗС Ян Баркоўскі, далейшае стаўленне Мінска да з’езду СПБ “будзе мець уплыў і на нашу пазіцыю ў дачыненні да Беларусі на форуме Еўрасаюзу”.

Паводле Wprost, ультыматум быў перададзены ў Беларусь дыпламатычнымі каналамі.

У Беларусі пражываюць 390 тысяч этнічных палякаў, з іх 25 тысяч належыць да CПБ. Паводле афіцыйнага Мінска, гэта кіраваная з Варшавы арганізацыя, якая “падбухторвае” польскую нацыянальную меншасць да розных хваляванняў. Беларускае кіраўніцтва заяўляла, што Варшава з яе эгаістычнымі амбіцыямі праводзіць ад імя ЕС вельмі сумнеўную палітыку, накіраваную на тэрытэрыяльнае пашырэнне Польшчы.

Сашка Верацейчык паводле svaboda.org