Пільныя суседзі ўратавалі кватэру ад злодзея-дамушніка
Уначы нарад аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі атрымаў паведамленне, што ў кватэры па вуліцы Соламавай знаходзіцца нейкі старонні. На месцы суседзі патлумачылі міліцыянтам, што з кватэры №39 чуюцца падазроныя шумы, хаця гаспадыня жыве ў Абухава.
Адзін з міліцыянтаў застаўся каля пад’езду, а другі абышоў агледзець дом з супрацьлеглага боку. Каля вонкавага боку акна той убачыў драўляную скрыню, крэсла і пабітую фортку, а ў праёме акна – сілуэт мужчыны. Міліцыянт спытаў, што робіць незнаёмец і ці мае дакументы. Той адказаў, што з’яўляецца гаспадаром кватэры, і знік у жылым памяшканні.
У гэты момант прыехала дадатковая група затрымання з сабакам і следча-аператыўная група Кастрычніцкага РАУС. Пасля размовы з суседзямі стала зразумела, што ў кватэры злачынца. Пабудзіўшы сяброўку гаспадыні кватэры, якая прыглядала за домам, і ўзяўшы ключы, адкрылі дзверы.
Унутры паўсюль былі раскіданыя рэчы. Служэбная сабака атрымала каманду “шукай”, а міліцыянты заблакавалі ўсе магчымыя шляхі збегчы. Хутка моцна залаяў сабака, а пасля пачуўся чалавечы крык. Злодзей хаваўся за крэслам і прасіў забраць жывёліну.
Падчас разбіральніцтва выявілася, што незнаёмец не меў да кватэры ніякіх адносінаў, раней ужо быў асуджаны. Па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа.