Адна заява на беларускамоўнае навучанне
Пытанне пра стварэнне беларускамоўнага класа пакуль не вырашана. Па словах начальніка адукацыі гродзенскага абласнога аддзела адукацыі Сяргея Блажэя на дадзены момант ёсць толькі адна заява ад бацькоў 28 школы на беларускамоўнае навучанне. На сходах на пачатку навучальнага году перад бацькамі з прапановай аддаць дзяцей у беларускамоўны клас абяцаюць выступіць спецыялісты аддзела адукацыі разам з прадстаўнікамі Таварыства беларускай мовы.
Агулам колькасць навучэнцаў у гродзенскіх школах павялічыцца ў параўнанні з мінулым навучальным годам на 648 чалавек – 34 тысячы школьнікаў будзе навучацца з гэтага верасня.
Як адзначыў Сяргей Блажэй, практычна ўсе школы горада гатовыя прыняць навучэнцаў. Толькі ў трох школах сканчаецца мантаж пажарных сігналізацыяў. Усяго выдаткавалі больш за трох мільярдаў рублёў на падрыхтоўку школаў. У асноўным грошы пайшлі на рамонт даху, замену пажарнай сігналізацыі, спецабсталявання, падрыхтоўку да сезону сістэмаў ацяплення.
На сёння ў Гродна функцыянуе 26 сярэдніх агульнаадукацыйных школ, 10 гімназіяў, ліцэй, вячэрняя школа, пачатковая школа і 2 базавыя школы.