Юбілей БАЖу
16 верасня 1995 года ў мінскім Доме літаратараў адбыўся ўстаноўчы сход ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Сузаснавальнікамі БАЖ сталі 38 чалавек.
20 кастрычніка 1995 года ГА «БАЖ» было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Беларусі (пасведчанне ад рэгістрацыі № 0553). А ўжо 29 кастрычніка 1995 года ГА «БАЖ» прыняло сваю першую заяву — у падтрымку «выселеных» з краіны беларускіх выданняў, калі па распараджэнні кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Замяталіна беларускім друкарням забаранілі выпускаць газеты «Народная воля», «БДГ», «Имя»…
– У 1995 годзе ў нас за плячыма былі 5 гадоў незалежнасці, „бум“ нараджэння і развіцця недзяржаўных СМІ — абсалютна новай з’явы для нашага грамадства… Можна сказаць, што стварэнне БАЖ было прадыктавана, з аднаго боку, імкненнем абараніцца ад вонкавых пагроз, а з другога — адчуваннем уласнай сілы, здольнасцяў, імкненнем да перамен, — узгадвае старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна.
Сёння ў Беларускай асацыяцыі журналістаў налічваецца больш за 1000 сябраў. Акрамя цэнтральнага офіса ў Мінску, асацыяцыя мае 5 рэгіянальных філій. Гродзенская налічвае каля 40 журналістаў.
Мікола Маркевіч, першы старшыня Гродзенскай філіі БАЖ:
– Паўстанне і фармаванне БАЖу прыпала на сярэдзіну-канец 90х гадоў, гэта быў пераломны перыяд у нашай краіне. Усе былі ў чаканні трансфармацыі да новага грамадства, дзяржавы на еўрапейскіх каштоўнасцях. Значная частка дзейнасці БАЖу была звязаная з пытаннямі свабоды слова, друку, правоў чалавека – пытаннямі, якія былі актуальныя для нашай краіны заўсёды. Першы сур’ёзны наступ на гэтыя асноватворныя пытанні прыпаў акурат на той час. Беларуская асацыяцыя журналістаў стварылася з ініцыятывы знізу, якая аб’ядналася з групай зацікаўленых асобаў. За кароткі час паўстала арганізацыя, якая аб’ядноўвала журналістаў з дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Гэта быў перыяд, калі журналісты адначасова мелі працу і мелі магчымасць рэалізоўваць свабоду слова на практыцы. Гэтае права трэба было абараняць. Дзякуючы БАЖу журналісты мелі магчымасць з’ездзіць і пабачыць, як рэалізоўваецца свабода слова ў суседніх краінах.
У тыя часы ў арганізацыі заклаўся моцны стрыжань, які і дагэтуль трымае Беларускую асацыяцыю журналістаў, хоць зараз ужо іншыя ўмовы, інфармацыйнае поле практычна выпаленае. Але засталася арганізацыя, людзі, досьвед. Я глыбока веру, што падчас нават маленькіх спрыяльных умоваў мы здолеем аднавіць усё страчанае.
З 1997 г. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).
“Твой Стыль” віншуе ўсіх БАЖаўцаў з юбілеем і зычыць плёну ў ганаровай журналісцкай справе!