22 верасня кіроўцам прапануецца пакінуць аўто на стаянках (аўдыё)
Каб бясплатна праехаць на аўтобусе ці тралейбусе, аўтааматару неабходна паказаць кантралёрам пасведчанне кіроўцы і тэхнічны пашпарт на аўтамабіль.
– У Гродна ініцыятыва бясплатнага праезду кіроўцаў праводзіцца ўпершыню, – кажа галоўны спецыяліст аддзела дзяржкантролю над аховай і выкарыстаннем атмасферных, паветраных і водных рэсурсаў Галіна Латанік. – Таксама па традыцыі мы падрыхтавалі буклеты да Дня без аўтамабіля з тлумачэннем сэнсу акцыі і пазначэннем лічбаў аб выкідах выхлапных газаў у паветра транспартам. У дзень акцыі супрацоўнікі ДАІ будуць замяраць у аўтамабілях колькасць выхлапных газаў. Тых кіроўцаў, чые аўто выкідваюць шкодных рэчываў менш за норму, будуць ўзнагароджваць невялікімі падарункамі.
Акцыю бясплатнага праезду для кіроўцаў падтрымалі Мінск, Мінская вобласць і Берасцейшчына.
Мінулым разам у гэты дзень гродзенскім аўтамабілістам прапаноўвалася перасесць на ровары.
У першы Дзень без аўтамабіля ў Беларусі, які адзначаўся ў 2008 годзе, па дадзеных Мінпрыроды атрымалася папярэдзіць выкід у атмасферу забруджвальных рэчываў у аб’ёме каля 400 тон толькі за кошт пакінутых аўтамабіляў на стаянках. Транспарт галоўным чынам з’яўляецца забруджальнікам паветра – доля ягоных выкідаў шкодных рэчываў складае 72% ад усіх крыніц.
Ці збіраюцца гродзенскія аўтамабілісты пакідаць свае аўто на стаянках і перасядаць у аўтобусы – слухайце ў матэрыяле Ганкі Урбановіч на радыё “Твой Стыль”.