Грамадскія слуханні па рэканструкцыі Каложы

Нягледзячы на тое, што гродзенскі аблвыканкам ужо распачаў кампанію “Адновім Каложу разам”, а вынікі афіцыйнага апытання кажуць пра тое, што 83% гродзенцаў падтрымліваюць ідэю аднаўлення царквы, ідэя рэканструкцыі самага старажытнага храма ўсёй Заходняй Беларусі не падаецца навукоўцам адназначнай. Большасць мастацтвазнаўцаў, археолагаў і архітэктараў сыходзяцца на думцы пра тое, што сёння занадта мала існуе інфармацыі пра Каложу – першапачатковы знешні выгляд храма, стылістыку яго пабудовы, стан Каложскай гары, каб прымаць паспешныя рашэнні аб “рэканструкцыі” гэтага каштоўнага помніка, бо рашэнні могуць аказацца фатальнымі.

 

У грамадскіх слуханнях возьмуць удзел:

 

1. Гліннік Вадзім – навуковы кіраўнік аб’екта «Гістарычны цэнтр г.Полацка», сябра рабочай групы па падрыхтоўцы дасье для ўключэння культурных каштоўнасцей г. Полацка ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

2.Трусаў Алег – археолаг, кандыдат гістарычных навук, гісторык беларускай архітэктуры, кіраўнік археалагічных раскопак на Каложы ў 1980-х гг.

3. Габрусь Тамара – доктар мастацтвазнаўства, сябра Савету па манумэнтальным мастацтве Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

4. Лаўроўская Ірэна – доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, Даследніца гісторыі і архітэктуры Брэста.

5. Трусаў Ігар – гарадзенскі гісторык архітэктуры.

6. Краўцэвіч Алесь – гарадзенскі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук.

7. Лаўрэцкі Генадзь – беларускі архітэктар і мастацтвазнавец. Аўтар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Каложы. Узначальвае архітэктурна-мастацкую раду Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы.

8. Чарнатаў Вячаслаў, дацэнт кафедры архітэктурнага факультэта БНТУ.

 

Будзе таксама агучана пазіцыя Армэна Сардарава, доктара архітэктуры, дэкана архітэктурнага факультэта БНТУ.

 

Афіцыйная інфармацыя пра праект рэстаўрацыі, яго гістарычнае, мастацкае і ідэалагічнае абгрунтаванне знаходзіцца тут.

 

Слуханні адбудуцца з ініцыятывы Гродзенскага аддзялення Таварыства Беларускай Школы пры дапамозе грамадскасці горада 23 верасня ў 18.30 па вул. Будзёнага 48а-100 (зала ва ўнутраным дворыку).

 

Інфармацыю прадаставіла ініцыятыўная група па правядзенні грамадскіх слуханняў