Выбары, Яраслаў Раманчук і 70%
Пра гэта прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) заявіў 21 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, паведамляе БелаПАН.
Паводле слоў Раманчука, у яго каманды ўжо распрацаваны план інфармацыйнай кампаніі.
– Па-першае, гэта закранае працэдуру збору подпісаў. Калі больш за тысячу чалавек будуць збіраць подпісы, гаварыць аб тым, якая ў яго праграма, хто ён такі — гэта эфектыўна. Другое — выкарыстанне інтэрнэта, праз сацыяльныя сеткі, перш за ўсё праз групу „У Кантакце“, якая мяне падтрымлівае. Трэцяе — публікацыя інтэрв’ю, распаўсюджванне спецыяльных выпускаў газет. Ёсць магчымасць больш актыўнага выкарыстання тэлефоннай сувязі. Калі мы не маем магчымасці паўнацэнна трапіць на тэлебачанне, то трэба больш поўна выкарыстоўваць інтэрнэт, — сказаў Раманчук.
Ён адзначыў, што ўжо цяпер ідзе падрыхтоўка агітацыйных відэаролікаў, якія будуць размешчаны на розных сайтах. Вялікі спадзеў у гэтым ён мае на тэлеканал “Белсат”. Паводле яго слоў, незалежнае беларускае тэлебачанне ужо мае аўдыторыю ў паўмільёна гледачоў і можа гэтую базу пашырыць.
– Вельмі добра, што з’явілася магчымасць працаваць і мець доступ да расійскіх СМІ, – зазначыў сп Раманчук.
Паводле слоў лідэра АГП Анатля Лябедзькі, у выніку такой дзейнасці каманда Яраслава Раманчука спадзяецца выйсці на 70% пазнавальнасці кандыдата, што дазволіць у першым туры атрымаць 30–35% галасоў выбаршчыкаў.