Беларуская мова пад забаронай
Тата з сынам набылі школьны дзённік, выдадзены на беларускай мове, і разам яго запоўнілі. На думку бацькі, іх дзеянні былі лагічнымі: на якой мове надрукавана, на такой і запаўняем. Аднак настаўніца не пагадзілася: калі мова навучання ў школе руская, то і запісы ў дзённіку мусяць быць адпаведныя, бо першая ж камісія з аддзела адукацыі зробіць заўвагу.
Бацькі патрабаванням педагога падпарадкаваліся, але так і не зразумелі, чаму ў краіне друкуюць дакументы на мове, на якой іх нельга запаўняць.
Разабрацца ў сітуацыі паспрабавала журналістка газеты “Вечерний Гродно”.
Аказалася, што настаўніца мела рацыю.
Яна дзейнічала адпаведна Інструкцыі “о порядке формирования культуры устной и письменной речи».
Паводле яе ўся школьная дакументацыя мусіць весціся на асноўнай мове выкладання.
Аднак, па словах намесніцы дырэктара гімназіі, калі б бацькі былі больш настойлівымі, для іх сына зрабілі б выключэнне.
Праўда, падумалі б, з якімі цяжкасцямі сутыкнецца клас, бо дыктаваць хатняе заданне вучням трэцяга класа давялося б на дзвюх мовах.
У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна падцвердзілі, што “по Инструкции писать по-белорусски не положено», але на практыцы яны пайшлі б насустрач сям’і і рабіць заўвагу не сталі б.
«Закон не может учесть все ситуации, поэтому подобные случаи нужно разбирать как исключительные и в пользу ученика, ведь в стране двуязычие», удакладніла галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Кірыновіч, аднак за каментарамі накіравала да начальніка.
Калі паразмаўляць з ім аказалася немагчыма, журналістка накіравала ў Міністэрства адукацыі афіцыйны запыт.
Чаму нельга беларускія дзённікі запаўняць па-беларуску, нам адкажуць праз месяц.
Паводле http://vgr.by