Сацыяльная адрынутасць мусіць пераадольвацца комплексна
На сустрэчу прыйшло 8 чалавек – прадстаўнікі гродзенскіх грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў, валанцёрскай ініцыятывы і работнікі сацыяльнай абароны.
Намеснік дырэктара літоўскага Інстытута Працы і Сацыяльных даследаванняў Багуславас Гружэўскіс прадставіў актуальную сітуацыю па сацыяльнай адрынутасці ў краінах Еўрасаюза, адзначыўшы:
– На сёння ў еўрапейскіх краінах сацыяльная ізаляванасць разглядаецца комплексна. Адпаведна і ўсе праграмы па прадухіленню і барацьбе з гэтай з’явай распрацоўваюцца такім чынам, каб задзейнічаць разам тыя інстытуты, якія закранаюць розныя аспекты сацыяльнай ізаляцыі. То бок мы ставім у цэнтры агульны дабрабыт чалавека – таму сацыяльна ізаляваны чалавек інтэгруецца ў грамадства на кожным этапе свайго жыцця. Мы імкнемся дапамогу такім людзям не абмяжоўваць сацыяльнымі выплатамі або забяспечваннем жыллём, а дапамагчы яму інтэгравацца ў грамадскую супольнасць і пачувацца паўнавартасным яе ўдзельнікам.
Досьвед літоўскіх арганізацыяў па рашэнні праблем сацыяльнай адрынутасці і развіцці сталага супрацоўніцтва грамадскага сектару з дзяржаўнымі структурамі прэзентавала Юдыта Акрамене, праграмны каардынатар Цэнтра інфармацыі і падтрымкі грамадскіх арганізацыяў:
– Да ўступлення ў ЕС у Літве працавалі розныя міжнародныя фонды, якія падтрымлівалі, у тым ліку і фінансава, дзейнасць грамадскіх арганізацыяў. Пасля ўступлення Літвы ў Еўрасаюз многія фонды сышлі, а праграм і механізмаў развіцця нацыянальнага сектару няўрадавых арганізацыяў яшчэ не сфармавалася. Гадоў 5 спатрэбілася на тое, каб знутры ўтварылася гэтая структура.
Гродзенцы падзяліліся сваім досьведам працы з сацыяльна выключанымі катэгорыямі грамадзянаў. Дыскусія выйшла шырэй за гэтую тэму – закраналіся ў тым ліку пытанні дзейнасці сацыяльных установаў у Гродна і Беларусі ў цэлым, дапамогі “дапамагаючым” прафесіям – псіхолагам, псіхатэрапеўтам, працы школьных псіхолагаў, узроўню падрыхтаванасці і кваліфікацыі псіхолагаў, праблемы узаемадзеяння дзяржаўных сацыяльных установаў з грамадскімі арганізацыямі і інш.
Гэта быў трэці круглы стол з васьмі запланаваных у розных гарадах Беларусі. Пасля дыскусіяў арганізатары плануюць правесці трэнінгі для найбольш актыўных і зацікаўленых удзельнікаў круглых сталоў па пытаннях эфектыўнага ўзаемадзеяння розных сектараў для вырашэння канкрэтных сацыяльных праблем. Таксама плануецца стварэнне фільма па выніках, брашуры і праз год – выніковая канферэнцыя.