“Развітальная” экскурсія з Барысаглебскай царквой

|

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” плануе сабраць цэлы аўтобус зацікаўленых менчукоў, каб пазнаёміць з помнікамі Гродна, звяртаючы асаблівую ўвагу на Барысаглебскую царкву, каб “у чарговы раз пазначыць праблему – магчымасць неадэкватнай рэканструкцыі Каложы”.

 

Чаму экскурсія ладзіцца пад такой спрэчнай назвай, патлумачыў галоўны арганізатар паездкі Антон Астаповіч:

 

Мы не маем ілюзій, ведаючы, як у нас адбываюцца праекты рэканструкцыі, калі робяцца самыя неадэкватныя крокі. Да таго ж калі праект рэканструкцыі Каложы практычна зацверджаны, ягоны кіраўнік Генадзь Лаўрэцкі – то існуе вельмі вялікая пагроза, трэба біць ва ўсе званы.

 

Па выніках праведзеных грамадскіх слуханняў, на якіх прысутныя эксперты аднагалосна выказаліся супраць зацверджанага праекта рэканструкыі аўтарства Генадзя Лаўрэцкага, арганізатары і навукоўцы звярнуліся з лістом да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай перагледзець праект рэканструкцыі гродзенскай царквы. Нечаканым для многіх стала выказванне старшыні аблвыканкаму Сямёна Шапіры на прэсавай канферэнцыі, які выказаў сумненні ў тым, што трэба рэстаўраваць Каложу, і лічыць неабходным параіцца з спецыялістамі ЮНЕСКА. У такой сітуацыі здаецца некалькі недарэчнай і дзіўнай пазіцыя старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які, здавалася б, мусіў рабіць захады па выратаванні аднаго з найстарэйшых помнікаў архітэктуры Беларусі, а замест гэтага ладзіць “развітальныя экскурсіі” з Каложай. Пасля публікацыі аб выніках грамадскіх слуханняў па рэканструкцыі Каложы сп Антон Астаповіч пакінуў каментары, дзе выказвае свой погляд на спробы гродзенцаў звярнуць увагу на праблему.

 

Здымак з harodnia.com