У Літву без віз – пагадненне падпісанае

|

На абавязковай рэгістрацыі папярэдне настойваў беларускі бок. Пагадненне было падпісанае ў межах візіту ў Мінск літоўскай дэлегацыі на чале з прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайтэ, якая пракаментавала падпісанне пагаднення наступным чынам:

 

Сёння было адкрыта акно для грамадзянаў Беларусі. Людзі змогуць вольна перасоўвацца, трапіць у краіны ЕС. Доўгатэрміновая віза для іх будзе каштаваць 20 еўра.

 

Літоўскі кіраўнік падкрэсліла, што “гэта дэманструе наш давер у адносінах да Беларусі”, паведамляе БелаПАН.

 

Пагадненне дазволіць жыхарам памежных тэрыторыяў перакрочваць мяжу без візаў і знаходзіцца на памежнай тэрыторыі іншай краіны са спецыяльным дазволам на адлегласці ад мяжы да 90 кіламетраў цягам паўгады. У гэты абсяг трапляе Гродна і Ліда, а таксама яшчэ шэраг гарадоў Гродзеншчыны.

 

Права на працу гэтыя дазволы не даюць. Выдавацца будуць тэрмінам да 5 год.

 

Пагадненне аб малым памежным руху з іншай суседкай Беларусі – Польшчай – пакуль замарудзілася. З польскага боку пытанне ўжо вырашанае – дамова аднагалосна ратыфікаваная Сеймам, а таксама зацверджаная прэзідэнтам Польшчы. Справа засталася за беларускім кіраўніцтвам. Праект закона яшчэ ў пачатку верасня трапіў у Палату прадстаўнікоў, аднак да гэтай пары дэпутаты яго не разглядалі. Чарговае пасяджэнне восеньскай сесіі запланавана на 29 кастрычніка, аднак ці ўключаць у павестку дня разгляд дамовы аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай, невядома.