Гродзенскае ДАІ: чуткі пра аварыю на Касманаўтаў перабольшаныя

|

Старшы інспектар гродзенскай ДАІ Алег Дук абвергнуў інфармацыю пра шматлікія траўмы людзей. Была шпіталізаваная 55-гадовая жанчына, 26-гадовую дзяўчыну адправілі ў траўмапункт, аднак пасля аказання медычнай дапамогі яе адпусцілі.

 

Прычыны аварыі пакуль няясныя, паколькі кіроўцы маршрутных транспартных сродкаў далі супярэчлівыя паказанні. Аднак вымалёўваецца наступная карціна, падае Алег Дук на сайце гродзенскай аўтаінспекцыі. Тралейбус №6 рухаўся па праспекце Касманаўтаў з боку аўтавакзала. Кіроўца аўтобуса №20, накіроўваючыся ў супрацьлеглы кірунак, збіраўся павярнуць з вуліцы Лідскай налева.

 

На рэгуляваным скрыжаванні аўтобус і тралейбус сутыкнуліся. Пасля чаго кіроўца тралейбуса, па яго словах, упаў з сядзення, а тралейбус рухаўся далей па інерцыі. Яго выезд на сустрэчную паласу праспекта справакаваў пашкоджанне шасці аўтамабіляў, якія стаялі ў два шэрагі перад скрыжаваннем. Сам тралейбус заехаў на газон і ўехаў у дрэва. Кіроўцы не пацярпелі. Траўмы атрымалі пасажыркі тралейбуса.

 

Здымак з prosto-free.livejournal.com