Памяць кс. Адама Фалькоўскага ўшануюць належным чынам

|

У Лідскім парку культуры і адпачынку горада 30—31 кастрычніка з дазволу гарадскіх улад і пры іх садзейнічанні ўстаноўлены і асвечаны надмагільны камень на месцы расстрэлу і пахавання ксяндза Адама Фалькоўскага. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Лідскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Станіслаў Суднік.

 

Паводле яго слоў, настаяцель касцёла ў вёсцы Ішчална былога Лідскага павета (цяпер — Шчучынскага раёна) ксёндз Адам Фалькоўскі быў расстраляны 24 чэрвеня 1863 года пасля таго, як зачытаў вернікам маніфест кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму Кастуся Каліноўскага.

Астанкі ксяндза былі залітыя вапнай, а месца яго пахавання было затаптана коннымі казакамі“, — сказаў Суднік.

 

У 1920 годзе, паводле ўспамінаў відавочцаў, было ўстаноўлена месца расстрэлу і пахавання Фалькоўскага, дзе быў пастаўлены каталіцкі крыж, знесены савецкай уладай у 1940 годзе. У 1996 годзе ў Ліду былі запрошаныя былыя польскія харцары, якія да Другой сусветнай вайны даглядалі магілу Фалькоўскага. Пры іх дапамозе было вызначана дакладнае месца пакарання смерцю і прыкладнае месца пахавання ксяндза, на якім прадстаўнікі грамадскасці ўстанавілі мемарыяльны крыж.

 

Аднак у наступныя гады гэты крыж быў знесены па ўказанні ўлад і прыкладна 15 разоў аднаўляўся грамадскімі актывістамі, — адзначыў Суднік.

 

Паводле яго слоў, надмагільны камень уяўляе сабой гранітную пліту шэрага колеру, на якой выбіта эмблема паўстання 1863 года з выявай арла, старажытнага герба “Пагоня” і архангела Міхаіла з тарчай і мячом. На пліце тэкст на беларускай і польскай мовах: “Ксёндз Адам Фалькоўскі. 1812 — 24.06.1863“. Аўтар каменя — лідскі скульптар Рычард Груша, які падарыў гораду свой твор.

 

Як падкрэсліў Суднік, ўстаноўка надмагільнага каменя выклікала “вельмі станоўчы рэзананс у мясцовай грамадскасці і пачуццё ўдзячнасці гарадскім уладам у сувязі з тым, што гэтае пытанне, якое цягнулася 15 гадоў, нарэшце вырашана па добрай волі“.

 

Як пісаў “Твой Стыль” раней, магілу ксяндза Адама Фалькоўскага знішчылі ў Лідскім парку культуры і адпачынку падчас падрыхтоўкі да “Дажынак”, паклаўшчы зверху плітку.

 

Здымак з moladz.by