Свой асаблiвы «ракурс»

|

Трохі спецэфектаў, добрай акцёрскай гульні, прафесійнай рэжысёрскай працы і вуаля – ацаніце новы густ. Кінаклуб «Ракурс» – гэта своеасаблівы рэстаран, дзе вы зможаце паспрабаваць менавіта такое кіно. Cпачатку 80-х дырэктар кінатэатра «Чырвоная Зорка» Людміла Ганчарук арганізавала «Клуб праблемнага кіно». Паказвалі, у асноўным, класіку кінематографа. У сярэдзіне 80-х старшынёй становіцца Яўген Сяўрук і з ім у клуба з’яўляецца новая назва «Ракурс».


– Яўген Вітольдавіч, як вы трапілі ў старшыні? І якая мэта стварэння клуба?

– Я кінаман са стажам. Хадзіў у клуб як і ўсе кінааматары. Калі ўсё, што паказвалі стала нецікавым, вельмі захацелася глядзець нешта новае, бо пастаянна з’яўляліся добрыя фільмы, якія не даходзілі да шырокага гледача: іх выпускалі сціплым тыражом. А мы наладжвалі паказы. Добрыя стужкі не было дзе паглядзець. Даставалі iх ў гарадзенскім і мінскім кінапракаце, заказвалі з Масквы, з пасольстваў.

 

– На тэлебачанні існуе праект «Закрыты паказ». Ракурс – гэта нешта падобнае?

– Можна сказаць і так. Мы з аднаго гнязда птушкі. Вось нядаўна ішоў новы расейскі фільм Васіля Сiгарава «Ваўчок». Фільм выйшаў, але адначосова ён «не існуе»: прызы атрымлівае, а да шырокага гледача не трапляе. На жаль, часам бывае і выпадковае кіно. Паказваюць слабыя і не зусім удалыя кінастужкі.

 

– Я чула, што калісьці ў вашым кінаклубе можна было дастаць білеты на Маскоўскі кінафестываль?

– Раней мы арганізоўвалі паездкі, і кожны жадаючы мог паехаць. З 87 па 93 кожны год мы ездзілі ў Маскву. Зараз усё гэта дорага каштуе: дарога, пражыванне, білеты. Калісьці існавала таварыства «Сяброў кіно СССР». Гарадзенскі кінаклуб быў членам гэтага таварыства. Я быў членам праўлення і ездзіў у Маскву на фестываль.

 

– Ці ёсць у інтэрнэце інфармацыя пра кінаклуб? І дзе ўвогуле можна ўбачыць анонсы вашых мерапрыемстваў?

– У мінулым годзе быў створаны сайт, але яго мала наведвалі. Анонсы нашых фільмаў – на афішы кінатэатра «Чырвоная зорка», у «Гродзенскай праўдзе», у «Вячэрнім Гродна». Цяпер яшчэ і на фасадзе будынка кінатэатра вісіць праграма 5-ці стужак на бліжэйшыя 2 месяцы. Прагляд па пятніцах, адзін раз у 2 тыдні. 19-га лістапада – «Апошні кінасеанс» Піцера Багдановіча, 3 снежня «Здань» – Рамана Паланскі, 17 снежня – «Форэст Гамп».

 

– О! Вось і на «Тваім стылі з’явілася ваша міні-афішка… Кажуць, раней для ўступлення ў клуб трэба было плаціць?

– Ніколі такога не было! Члены кінаклуба маглі купіць абанемент на сезон: з верасня па май. Усе абанементы раскуплялі, і ў кінатэатр было не трапіць. У мінулым годзе на нашы сеансы былі аншлагі. У кінаклубе мы стараемся «разбаўляць» класіку актуальнымі і цікавымі навінкамі.

 

– Хто часцей за ўсё прыходзіць на кінасеансы?

– У асноўным гэта студэнты ды і наогул розная моладзь, старажылы клуба.

 

– Шэсць гадоў кінатэатр быў закрыты на рамонт. Кінаклуб працягваў паказы ў іншых кінатэатрах?

– Гэты клуб – дзецішча дырэктара кінатэатра. Гэтыя 6 гадоў была нуда зялёная для аматараў кіно.

 

– Вы паказваеце расейскае ці замежнае кіно? У 1993 годзе беларуска-французскі фільм «Я – Іван, ты –Абрам» выйграў «Залатога Георгія». Гэта адзіны беларускі фільм, які мае ўзнагароды маскоўскага кінафестываля. Што скажаце пра яго?

– Я быў тады на кінафестывалі. Гледачы абсвісталі гэтае рашэнне журы. Як па мне, фільм аказаўся не зусім удалым і адышоў у мінулае.

 

– Беларускі кінематограф зараз у заняпадзе, але ў апошні час з’яўляецца новае пакаленне беларускіх рэжысёраў. Як вы бачыце будучыню беларускага кіно?

– Беларускага кіно няма. Сякія-такія фільмы з’яўляліся: «Акупацыя.Містэрыі», «Анастасія Слуцкая». Раней у Беларусі працаваў выдатны рэжысёр Валерый Рубінчык. У Гароднi здымаўся яго фільм «Культпаход у тэатр», рэжысёр прыязджаў з ім у наш кінаклуб. Цяпер вось чакаем «Масакру» Андрэя Кудзіненкі. Паглядзім, што атрымалася. У апошні час «Беларусьфільм» спрабуе шукаць і быццам бы штосьці намацоўвае.

 

– «Ракурс» паказваў калі-небудзь кіно на беларускай мове?

– Не, а яго і няма. Ёсць, праўда, фільмы са школьнай праграмы, але яны не для элітарнага гледача. Напрыклад, фільм Уладзіміра Корш-Сабліна «Хто смяецца апошнiм».

 

– Звычайна ў клубе пасля прагляду пачынаецца абмеркаванне. Не многія выказваюцца. Чаму? Што перашкаджае больш жывому абмеркаванню?

– Я кожны раз выходжу сам. А хто іншы будзе гэта рабіць? Я сам складаю праграму, замаўляю фільмы. Не трэба ніколі саромецца. Бывае па-рознаму: часам гавораць глупства, часам разумна, а часам занадта разумна, часам сыходзяць у сваіх меркаваннях далёка ад сюжэта фільма. У часе размовы не ўсё абмяркоўваецца, а час ідзе. І ты думаеш, што абсалютна па-іншаму абмяркоўваў бы фільм.

 

– Яўген Вітольдавіч, чаму вы назвалі клуб менавіта «Ракурс»?

– Па-мойму, праблемных фільмаў няма. Ёсць дрэннае кіно, ёсць добрае. Ракурс – гэта пункт погляду.

 

Усё часцей пераконваюся, наколькі жыццё кожнага чалавека адкрыта для незвычайных і захапляльных падзей. Мы працуем, вучымся, займаемся спортам. І вось аднойчы надыходзіць такі дзень, калі нехта прыводзіць цябе ў кінаклуб, і з гэтага моманту нешта змяняецца. Ты пачынаеш глядзець на свет неяк інакш, як быццам бы ты сам рэжысёр свайго ўласнага кіно. І наколькі дрэнным або добрым апынецца фільм, залежыць ад абранага табой «ракурсу».

Фота Лізы Гарохавай