Фільм пра Ларысу Геніюш у Гродне
Фільм прывёз і прэзентаваў паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла:
– Як мне падаецца, фільм найперш атрымаўся таму, што ён адпавядае жанру дакументалістыкі. У фільме прагучалі шматлікія ўспаміны людзей, якія ведалі Ларысу Антонаўну. Гэта людзі пераважна пажылыя, таму важна было паспець запісаць гэтыя сведчанні. Як укладальнік зборніка ўспамінаў пра Ларысу Геніюш я ведаю, што шмат чаго не паспета, не запісана і, на вялікі жаль, гэтага не адновіш. І мне здаецца, што гэты фільм пакідае сведачанне эпохі, у якой жыла Ларыса Геніюш, той атмасферы, якая была вакол яе. Ёсць і ўнікальныя кадры кінахронікі, якая адзіная засталася – знятая Гродзенскім тэлебачаннем прыканцы 70-х гг.
Міхась Скобла распавёў, што ўжо пасля таго, як знялі матэрыял да фільма, прыйшоў ліст ад роднага брата Ларысы Геніюш Аляксея, які жыве ў Лондане. На жаль, гэтага самага блізкага чалавека Ларысе Антонаўне, які яшчэ жыве, зняць для фільма не ўдалося.
З цягам часам фільм будзе набываць усё большую каштоўнасць, бо гэта жывыя дакументы, дадаў Міхась Скобла.
Скапіраваць фільм у двух частках па 30 хвілін кожная можна на сядзібе Таварыста Беларускай Школы па вул. Будзёнага 48а-33.
Здымак аўтара