Іўеўскія татары святкуюць Новы год

Іўеўскія татары разам з усімі мусульманамі свету ад сёння распачалі свяшчэнны месяц Мухарам, які пачынае новы 1432 год па Хіджры.


Мы не адзначаем сёння Новы год як свята ў свецкім разуменні гэтага слова, – тлумачыць муэдзін з Іўя Бекір Шабановіч. – У гэты дзень у мячэці чытаюць пропаведзь, прысвечаную пераезду прарока Мухамеда з Меккі ў Медзіну. У гэты месяц трэба пасціцца – любыя тры дні на тыдзень, пажадана ўключаючы пятніцу. Пост як у Рамадан – прымаць ежу можна толькі паміж заходам і ўсходам сонца, чытаць малітвы.

 

Па словах муэдзіна, у Іўеўскай мячэці сёння было шмат людзей – у асноўным старэйшыя, якія ўжо не працуюць. Моладзь адпускаюць з працы на большае свята – Ашура Байрам. Гэта дзень памінання прарокаў і пасланнікаў Алаха. У гэты дзень, згодна Карану, былі створаныя Неба, Зямля, анёлы, першы чалавек Адам. Канец свету, лічаць мусульмане, таксама адбудзецца ў дзень Ашура.

 

Усяго паводле перапісу насельніцтва 2009 году ў Іўе жыве 530 татар.

Здымак з БелаПАН