Пра Мікалая Аўтуховіча даведаўся ўвесь свет
У прысвечаным Мікалаю Аўтуховічу раздзеле паведамляецца, што ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Еўрасаюза ў 2008 годзе, аднак ужо ў 2009 яго зноў асудзілі, гэтым разам на пяць гадоў нібыта за захоўванне зброі.
Адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка паведаміў, што яго падабароннаму днямі адмовілі ў амністыі, не праводзіцца таксама абяцанае раней лекаванне:
– Адміністрацыя калоніі настойвае на тым, каб Аўтуховіч прызнаў сваю віну ў злачынстве, за якое ён асуджаны, даў падпіску аб законапаслухмяных паводзінах.
Аніякіх крокаў адміністрацый калоніі накіраваных на паляпшэнне ўмоваў утрымання Аўтуховіча мы не бачым, не кажучы ўжо пра тое, каб вызваліць яго ад адбывання пакарання паводле несправядліва вынесенага прысуду.
Нядаўна я падаў скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь – гэта апошняя інстанцыя, якая можа пераглядзець ягоны прысуд.
Здароўе Аўтуховіча сур’ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.
Адвакат адзначае, што спадзяванні на датэрміновае вызваленне Аўтуховіча невялікія, хаця міжнародныя праваабарончыя арганізацыі завяраюць, што гэтая справа не забытая.
Паводле http://new.racyja.com