У пятніцу ў Гродна прыбудзе Бэтлеемскі агонь

Беларускім скаўтам яго перададуць на польска-беларускай мяжы каля Гродна польскія скаўты. З гэтай нагоды ў 15 гадзін у Фарным касцёле адбудзецца святая імша.


Пасля агонь перададуць у Мінск – 18 снежня агонь сустрэнуць у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Адтуль ён адразу будзе перададзены ў касцёл святых Сымона і Алены, паведамляе catholic.by.

 

Потым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў іншыя парафіі Мінска, Барысава, Івянца, Гомеля, Паставаў, Глыбокага і Лынтупаў. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь ужо ў адзінаццаты раз будзе прывезены ў Беларусь.

 

Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны.

 

Менавіта праз рукі скаўтаў Бэтлеемскі агонь пераадольвае шмат межаў і трапляе да ўсіх, хто чакае любові, веры і надзеі ў сваіх сем’ях, сваім доме, сваёй краіне. Агеньчык, як сімвал цяпла, міру і дабрабыту, любові да бліжніх і ўсяго свету, салідарнасці з беднымі, з’яднання з Хрыстом, які таксама нарадзіўся ў беднасці, падарожнічае з захаду на ўсход, мінаючы межы і аб’ядноўваючы хрысціян напярэдадні Нараджэння Пана.

 

Перадкалядную традыцыю — распасюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.