У Мірскім замку будзе задзейнічана ўсё, нават фамільныя прывіды
Куратар рэстаўрацыйных работ намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш зазначыў, што на цырымонію адкрыцця замкавага комплексу запрошана шмат высокіх гасцей, у тым ліку міністры культуры Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, а таксама спадчыннікі былых уладальнікаў і даследчыкі замка. Да адкрыцця падрыхтаваная багатая праграма. Квіток у гэты дзень плануецца быць бясплатным, аднак уваход у замак будзе абмежаваны у сувязі з патрабаваннямі бяспекі.
Намеснік міністра ўпэўнены, што адкрыццё Мірскага замка заахвоціць вялікую колькасць беларускіх і замежных турыстаў наведаць Мір. Віктар Кураш агучвае чаканую колькасць турыстаў – па ягоных словах, па сціплых падліках у наступным годзе паглядзець замак прыедзе 400-450 тысяч чалавек.
Пасля рэстаўрацыі ў Мірскім замку запрацуе рэстаран, гатэль, канферэнц-зала. Першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі выказаў меркаванне, што ў Мірскім замку можна будзе здымаць музычныя кліпы для беларускіх артыстаў і кадры кінастужак:
– Замак жа дае магчымасць разгарнуцца фантазіі!
Як менавіта разгорнецца фантазія па будучым напаўненні Мірскага замка, падкажа цырымонія адкрыцця, падчас якой запланаваныя канцэрты, тэатралізаваныя дзействы, выступы рыцыраў, мяркуе Уладзімір Карачэўскі. Задзейнічаны будуць нават фамільныя прывіды:
– Замак ужо прыносіць дзяржаве прыбытак, а надалей будзе карыстацца яшчэ большасй папулярнасцю, – упэўнена гаворыць першы намеснік міністра культуры. – Толькі ўявіце: правесці ноч у старажытным збудаванні з фамільным прывідам, які ёсць у кожнай арыстакратычнай сям’і. Чаму б і не пабываць у гэтай казцы? – задае пытанне Уладзімір Карачэўскі.
Фота з сайта http://www.nemiga.info