Гродзенцы пабачылі нямецкі андэграунд

|

На пачатку нямецкія госці прадэманстравалі, якім чынам са старых знятых кінастужак робіцца кіно, адрознае ад лічбавага фармату і ўжо некалькі забытае. Спецыяльнай фарбай чорна-белыя выявы проста па стужцы можна размаляваць у розныя колеры. Альбо непатрэбныя кадры выразаць і склеіць стужку зноў. Яе можна пацерці наждачнай паперай ці выдрапаць нейкія элементы. Такім чынам са старога кінаматэрыялу, напрыклад, з хатняга відэа, можна зрабіць кіно у абстракцыянісцкім стылі.

Пасля замежныя кінааматары прадэманстравалі нямецкі фільм, створаны без відэакамеры, на 8-міліметровай стужцы з выкарыстаных старых кінаматэрыялаў. Стужка адлюстроўвае бачанне аўтарамі сучаснага становішча ў свеце. Яна была паказана ў розных краінах свету, дзе выклікала неадназначнае ўражанне.

Гродзенскі кінаклуб “Rе-анімацыя” узнік на пачатку мінулага году. На штотыднёвых сустрэчах у большасці дэманструецца аматарскае некамерцыйнае кіно. Таксама праводзяцца кансультацыі і майстар-класы, сустрэчы з маладымі рэжысёрамі. Самі ўдзельнікі “Rе-анімацыі” знялі некалькі анімацый і дакументальных фільмаў.