Назіральнікі адзначаюць парушэнні
Аляксей Шота быў назіральнікам на 42-м участку Цэнтральнага раёна Мінска ад Цэнтра “Супольнасць” у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”:
– Я зафіксаваў некалькі парушэнняў. Найперш, не было адкрытага і галоснага падліку. Акрамя сакратара, ніхто з участковай камісіі не бачыў усіх бюлетэняў. Кожны член камісіі лічыў свой стос і перадаваў паўшэптам лічбу сакратару камісіі. Частку лічбаў я чуў. Такім чынам, ніхто з камісіі, апроч сакратара, не бачыў кожнага голаса. Я стаяў у метр ад стала, але бачыў максімум двух сябраў камісіі – з назіральнікаў так блізка стаяў і назіраў за падлікам галасоў я адзін, таму мне было цяжка бачыць працэс падліку цалкам.
Да таго ж не было асобнага падліку бюлетэняў з розных скрыняў – датэрміновага галасавання, на даму і ў дзень выбараў, паасобныя вынікі не агалошваліся. Увогуле да моманту падпісання пратакола не было агучана аніякіх вынікаў. Я падаў заяву на імя старшыні выбарчай камісіі аб парушэннях выбарчага заканадаўства – артыкулы №№13 і 55 Выбарчага кодэксу і Пастановы ЦВК №95 ад 5 лістапада 2010 г. Дарэчы, ніводзін з іншых назіральнікаў не пагадзіўся паставіць подпіс побач з маім – усе пабаяліся.
Па словах Аляксея, старшыня камісіі праігнараваў заяву, якую выбарчая камісія мусіла разгледзець адразу па факце. Старшыня паведаміў, што заяву перададуць у вышэйшую камісію – раённую.
Назіральнік ад партыі БНФ Рыма Ушкевіч, якая прысутнічала на ўчастку № 48 Завадскога раёна Мінска, таксама адзначае, што асобных вынікаў па датэрміновым галасаванні, галасаванні на даму і ў дзень выбараў агучана не было:
– Нас на участку было 28 назіральнікаў, з якіх было толькі 4 не з БРСМ. Нам дазволілі даволі блізка падысці да стала, дзе вёўся падлік і нам быў добра бачны працэс падліку. Бюлетэні з датэрміновага галасавання падлічваліся асобна, аднак вынікі агучаныя не былі. Мы заўважылі, што 99% ад колькасці гэтых бюлетэняў паклалі ў кучку так бы мовіць за кандыдата №2. Прычым мы маглі бачыць на бюлетэнях птушачкі насупраць прозвішча – мы былі шакаваныя тым, што яны выглядалі аднолькава! Пасля бюлетэні з галасавання на даму і ў дзень выбараў дадалі да бюлетэняў датэрміновага галасавання і пачаўся падлік. Ніякіх асобных вынікаў не агучылі, а толькі канчатковы вынік – 63% галасоў за Аляксандра Лукашэнку.
Здымак з “Еўрарадыё”