Першы Дзень Волі святкаваўся ў Гродна
Незалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску. Была прынята Трэцяя Устаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Рэспублікі: “Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай”.
Першы раз “Дзень 25 сакавіка” святкавалі ў 1919 годзе якраз у Гродна, дзе на той час знаходзіўся Урад БНР. Як гэта адбывалася, распавядае даследчык беларуска-нацыянальнага руху ў Гродна Андрэй Чарнякевіч:
– 25 сакавіка, першую гадавіну аб’вяшчэння БНР, адзначалі даволі сціпла, у памяшканні беларускага камітэта ўдзельнікаў настаўніцкага з’езда, які ладзіўся у той час у Гродна ў канцы сакавіка. Сёння гэта вул. Савецкая, хутчэй за ўсё, 23. У якасці старшыні Беларускай цэнтральнай Рады Гродзеншчыны распачаў вечэру П.Аляксюк, прачытаўшы першую ўстаўную грамату Рады БНР, пасля чаго прысутныя праспявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі мясцовыя беларускія дзеячы. Адначасова 25 сакавіка, хутчэй за ўсё ў памяшканні клуба «Бацькаўшчына», адбылася развітальная вячэра на ад’езд былога першага старышыні Народнага Сакратарыята БНР, а зараз Міністра беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе Я.Варонкі .
Здымак з уласнага архіву Уладзімера Ляхоўскага