Суд адмовіў “Экадому” у праве атрымаць інфармацыю пра будучую АЭС

|

З лістапада 2009 году грамадскае аб’яднанне “Экадом” спрабавала дамагчыся дакументаў па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай беларускай АЭС у друкаваным ці электронным выглядзе ад Дырэкцыі будаўніцтва АЭС.

 

У лютым 2010-га прадстаўнікам “Экадома” прапанавалі прыйсці і на месцы пазнаёміцца з інфармацыяй, якая іх цікавіла. Вынесці дакументы для капіравання забаранялася.

 

На думку актывістаў “Экадома” гэта парушае заканадаўства, паколькі прадстаўнікі грамадскасці маюць права на доступ да такога кшталту інфармацыі.

 

Як паведаміў БелаПАН юрыст “Экадома”Сяргей Магонаў, матываванае рашэнне з афіцыйным абгрунтаваннем адмовы будзе падрыхтавана 17 студзеня. Пры вынясенні вердыкту, на думку юрыста, адбылося розначытанне заканадаўства.

 

Асноўным аргументам Дырэкцыі па будаўніцтве атамнай станцыі стаў той факт, што зараз АУНА практычна без скарачэнняў размешчана на сайце і даступная ўсім жадаючым. Паводле слоў Магонава, у той час, калі быў зроблены запыт грамадскасці, дакумент адсутнічаў на сайце. Апрача таго, размяшчэнне на сайце з’яўляецца распаўсюджваннем інфармацыі, у той час як перадача інфармацыі па запыце з’явілася б менавіта прадастаўленнем інфармацыі, як гэта рэгламентавана заканадаўствам:

 

Размяшчэнне экалагічнай інфармацыі не вызваляе яе ўладальніка ад рэалізацыі права на яе атрыманне па запыце, – мяркуе юрыст.

 

Магонаў паведаміў, што, хутчэй за ўсё, ГА “Экадом” будзе падаваць апеляцыю на рашэнне гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці ў суд вышэйшай інстанцыі, “каб ацаніць беларускую судовую сістэму”.

 

На думку юрыста, суд падтрымаў Дырэкцыю будаўніцтва атамнай станцыі ў сувязі з тым, што яна з’яўляецца дзяржаўным органам і “не павінна губляць твар”.

 

Здымак з www.bellona.ru