Змыць з сябе грахі за цэлы год можна сёння
Традыцыйнымі арганізатарамі гэтай падзеі выступаюць гродзенскія маржы разам з абласной арганізацыяй выратавальнікаў на вадзе і МНС.
У зарэгістраваным у мінулым годзе гарадскім аб’яднанні маржоў налічваецца 30 чалавек. Аднак ахвотных акунуцца на Вадохрышча ў “іардань” (палонку ў выглядзе крыжа) значна больш. Нягледзячы на адсутнасць рэкламы, гродзенцы даведваюцца, як можна прыняць удзел у Вадохрышча на Юбілейным возеры.
Палына ўжо гатовая – у мэтах бяспекі яе форму ў лёдзе зрабілі выцягнутай – крыж вядуць ад самага берага. За працэсам акунання ў сцюдзёную ваду будуць сачыць медыкі, выратавальнікі і вадалазна-выратавальныя службы МНС. На беразе купальшчыкаў будуць чакаць намёты з абагрэвам, гарачая гарбата і палявая кухня.
Абрад купання на Вадохрышча ў Гродна ўнікальны. У службе і асвячэнні вады ўдзельнічаюць адначасова праваслаўны святар і каталіцкі ксёндз. Такім чынам, акунуцца ў асвячоную палонку і змыць з сябе грахі можна незалежна ад веравызнання.
Пачатак купанняў а 14 гадзіне. Гэта ўжо будуць трэція ўрачыстыя купанні з асвячэннем вады ў возеры Юбілейным.
Паглядзець фотарэпартаж з мінулагодняга Вадохрышча на Юбілейным можна на “Тваім Стылі” тут.
Здымак Яўгена Здановіча