Лепшыя рэпарцёры снежня ў “Тваім стылі”
Пераможцу снежня сярод радыёрэпарцёраў вызначала рэдактарка радыё “Твой стыль” Алеся Бяленік.
Па яе словах “безумоўным лідэрам” стала Аліса Чэкатоўская з “Рэпартажам з смеццявоза”:
– Рэпартаж зроблены па ўсіх правілах – слухаецца лёгка, цікава, вельмі жыва, дае добрае ўяўленне аб працы людзей, якія збіраюць гарадское смецце і адвозяць на звалку. Цікавая тэма – звычайна на такія службы і адпаведна яе супрацоўнікаў мы не звяртаем увагі – ездзяць сабе і збіраюць смецце. Таму было цікава паслухаць пра гэтых людзей.
У выніку маем – удалася тэма, добра прапрацаваная, цікава слухаецца, добры голас. І адпаведна Аліса пераможца!
Лепшага за месяц аўтара матэрыялаў Штотыднёвіка “Твой стыль” абіраў вядоўца тэлеканалу “Белсат”, выпускнік першага набору (1997 г.) гарадзенскай “Школы маладога журналіста” Валеры Руселік.
На перамогу ў гэтай намінацыі прэтэндавалі матэрыялы “Кожная чацвертая” Гражыны Шалкевіч, “Гродна на прышчэпках” Андрэя Сасімовіча і два матэрыяла Юліі Лыткінай “Кулінарныя мадэльеры” і “Як я назіраў за назіральнікамі”.
Кожны з аўтараў атрымаў ад эксперта поўны аналіз свайго матэрыялу.
Моцным бокам Валера Руселік вызначыў падбор разнастайных тэм, слабым – іх недастатковае раскрыццё і ліды, якія, па яго словах, “замест нейкага стрэлу-цікавосткі прапануюць чытачу разважаньне аўтара на абраную тэму”.
Перавагу Валера аддаў аповяду пра маладога мастака Арсенія ў артыкуле Андрэя Сініцына “Гродна на прышчэпках”.
– Адкрыцьцё новых імёнаў заўсёды натхняе і дадае ўпэўненасці ў тым, што ня ўсё ў нас гэтак дрэнна – кажа Валера.
– Праўдзівая інфармацыя, уздыманьне важных для грамадзтва тэм, прадстаўленьне трыбуты тым, хто можа быць пазбаўлены голасу ў іншых акалічнасьцях – дзеля ўсяго гэтага мы і працуем.
Памятаючы пра гэта, не забываймася ж і на тое, дзеля чаго мы ўсе займаемся нашым “Тваім стылем”. Горадня і сьвет вачыма маладых гарадзенцаў, пляцоўка, дзе кожны мае магчымасьць выказацца – гэта сапраўды цудоўная місія, выдатная ідэя.”
Рэдакцыя “Твайго стылю” узнагародзіла і самых актыўных ад пачатку вучобы ў сёлетнім наборы “Школы маладога журналіста-14” аўтараў.
Кнігу вядомага шведскага журналіста Эрыка Фіхтэліўса “Навіны. Складанае мастацтва працы з інфармацыяй” атрымалі Юлія Лыткіна і Іна Севярын.