Навучанне падаражэла, але дазволяць плаціць з растэрміноўкай
Загадам рэктара ўніверсітэта ім. Я. Купалы ад 10.01.2011 з 1 студзеня гэтага году кошты платнага навучання павялічыліся на 16-20 % у залежнасці ад формы навучання і спецыяльнасці, паведамляе “Вечерний Гродно”. Даплочваць за першы семестр студэнтам не давядзецца.
У аграрным універсітэце плата за навучанне ўжо падвышалася – з 1 снежня 2010 году прыкладна на 31% для завочнікаў, для студэнтаў дзённай формы навучання з кастрычніка мінулага году кошты выраслі на 12%. Зараз, з 1 лютага платнае навучанне ў гэтай вну падаражэе яшчэ на столькі ж.
У медычным універсітэце паведамілі, што новыя кошты магчыма з’явяцца на сайце ўніверсітэта на гэтым тыдні.
Міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч падчас прэс-канферэнцыі паведаміў, што ўсім студэнтам-платнікам дадуць магчымасць аплочваць навучанне з растэрміноўкай плацяжу, прычым у зручнай для студэнта форме – штомесяц, праз два ці больш.