Высокія чыноўнікі плануюць бэбі-бум
Грошы пойдуць на павелічэнне матэрыяльных дапамог пры нараджэнні дзяцей і павелічэнне адначасовых выплат, а таксама на аказанне фінансавай падтрымкі на будаўніцтва ці набыццё жылля. Пра гэта 1 лютага паведаміў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, прэзентуючы праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011 – 2015 гады, паведамляе БелаПАН.
У сваю чаргу міністр фінансаў Андрэй Харкавец прапанаваў адмовіцца ад устанаўлення канкрэтнага ўзроўню штомесячнай дапамогі па догляду дзіцяці да трох гадоў, які сёння складае 35-40% ад сярэдняга заробку. З ягонай прапановай не пагадзілася міністр працы і сацабароны Мар’яна Шчоткіна, якая палічыла, што, пазначыўшы размытыя плаўныя арыенціры, вырашыць пытанне будзе нельга:
– Ні ў якім разе нельга пісаць агульных фраз, павінны быць пэўныя дапамогі, – падкрэсліла яна.
Магчыма, стымуляваць нараджальнасць таксама дапаможа і дастатковая колькасць школ і дзіцячых садкоў, якія да таго ж будуць размяшчацца недалёка ад дома. У Гродне, дзе цягам апошніх гадоў з’явіўся цэлы шэраг новых мікрараёнаў, гэтая праблема надзвычай актуальная. Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі гродзенскага аблвыканкама, на Гродзеншчыне да 2015 года плануецца пабудаваць 14 школ і 20 дзіцячых садкоў. Плануецца, што новыя адукацыйныя ўстановы акурат забяспечаць новыя мікрараёны-навабуды.